«Разам з Ганчаром хадзілі ў лазню». Лукашэнка выказаўся пра справу зніклых


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў расейскаму журналісту Аляксею Венедыктаву заяву Юрыя Гараўскага, які прызнаўся, што меў дачыненне да выкрадання вядомых палітыкаў у нашай краіне ў 1999 годзе. Экс-баец СОБР заявіў «DW», што прымаў удзел у выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У размове з расейскім журналістам, якая апублікаваная на сайце «Эхо Москвы», Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пакаментаваў заяву былога спецназаўца.

«Я ніколі ў жыцці не даваў і даваць не буду такой каманды. Адказ просты: навошта гэта мне трэба было? Навошта? Што змянілася, калі б не стала ў Беларусі два ці тры чалавекі, тым больш аператар, пра якога гавораць. Там жа змяшалі ўсё ў кучу – Дзіма Завадскі, які загінуў. Ён жа загінуў з-за Чачэніі і Шарамета. Не трэба на мяне гэта грузіць. Я не даю такіх камандаў, таму што мне гэта не трэба было тады і цяпер. Таму што забіваюць сваіх заўзятых, ашалелых або небяспечных супернікаў. Я палітык, значыць, палітычных», – адзначыў у гутарцы з Аляксеем Венедыктавым Аляксандр Лукашэнка.

«Якімі яны палітыкамі былі? Віця Ганчар быў заўсёды маім добрым таварышам і сябрам. Мы з ім у адным парламенце былі. Мы не толькі ў лазню хадзілі разам», – сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Захаранка знік 20 гадоў таму. Фота https://novychas.by

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы знікненне Юрыя Захаранкі, чарговы раз сказаў, што нібыта насамрэч былога Міністра ўнутраных справаў бачылі ў Нямеччыне. Такія заявы з вуснаў Лукашэнкі гучалі і раней.

«Захаранка звязаўся ў бізнесе, вось пра гэта вы не пішаце, з Украінай. Грошы ўзяў велізарныя пад выглядам, што ён быў міністрам, сышоў, але ва ўладзе і ў яго тут усё схоплена. А грошы не вярнуў. Але самае цікавае – у Нямеччыне дваіх з іх гадоў 7 або 8 назад, калі тэма гэта была гарачая, сфатаграфавалі на вуліцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка сустрэўся з Шэйманам, якога вінавацяць у датычнасці да забойства апазіцыянераў
2019.12.23 15:06

Прызнанні Юрыя Гараўскага кіраўнік Беларусі лічыць правакацыяй. На думку Лукашэнкі гэта робіцца перад прэзідэнцкімі выбарамі.

«Я неадкладна даў каманду, калі мне прэс-служба далажыла пра гэты кавалак ўкіду, не ведаю, праўда, хто гэта ўкінуў учыніў – разбяромся, неадкладна запытаць у Следчага камітэту інфармацыю, крымінальная справа ж існуе. Хай ён прыедзе, дасць паказанні, ён жа ўжо публічна заявіў, хто яго тут заб’е? Хай ён прыедзе з БНД, з ФСБ, у суправаджэнні, Венедыктаў хай там будзе, вядомы чалавек, давайце сюды, дайце паказанні. Цішыня», адзначыў кіраўнік Беларусі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ён аддаў загад кіраўніку Следчага камітэту Івану Наскевічу, каб той разабраўся са справай аб зніклых палітыкаў.

Прызнанні Гараўскага

Журналісты нямецкага выдання DW.com паразмаўлялі з чалавекам, які называе сябе былым байцом беларускага спецатраду хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім. Мужчына заяўляе, што ўвесну 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

Паводле словаў героя рэпартажу, загад аб затрыманні палітыкаў і бізнесоўцы байцам аддаваў стваральнік СОБРу падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі.

Мужчына перакананы, што пра забойствы ведалі тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савету бяспекі Віктар Шэйман. Мужчына дадае, што імаверна пра гэта ведаў і сам Лукашэнка, але не бярэцца сцвярджаць пра гэта з упэўненасцю.

«Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Ніякіх пісьмовых пацверджанняў, відэазапісаў, пратаколаў – нічога такога няма», – дадае Гараўскі.

Чытайце па тэме:

СК belsat.eu

Стужка навінаў