«Рассельгаснагляд» абвінаваціў Беларусь у махінацыях, што прыводзяць да істотных стратаў у бюджэце РФ


Рассельгаснагляд абвінаваціў Беларусь у маніпуляцыі статыстычнымі дадзенымі ў дачыненні аб’ёму паставак плодаагародніннай прадукцыі з трэціх краінаў.

Ведамства сцвярджае, што з моманту ўвядзення ў жніўні 2014 г. Расеяй «контрсанкцыяў» у Беларусі рэзка ўзраслі пастаўкі агародніны – напрыклад, з 2013 па 2015 год абʼёмы выраслі ў 3 разы. На фоне ўзмацнення кантролю на адміністрацыйнай мяжы Беларусі і Расеі і знішчэння санкцыйнай прадукцыі ў 2016 годзе спектр краін-пастаўшчыкоў агародніны ў Беларусь рэзка пашырыўся за кошт экзатычных краінаў (Нігерыя, Судан, Танзанія, Уганда, Емен, Бурундзі, Бэнін, Самалі, Кот-ДʼІвуар, Гвінея-Бісаў, Малі, Буркіна-Фасо, Ліберыя, Сьера-Леоне і інш.). Гэткія раптоўныя змены ў структуры беларускага імпарта адбыліся невыпадкова, мяркуюць у Рассельгаснаглядзе:

«Пры супастаўленні абʼёмаў імпарту плодаагародніннай прадукцыі, заяўленых у дэкларацыях Беларусі, і атрыманых са справаздачаў краін-экспарцёраў, выяўлена рэзкае несупадзенне абʼёмаў гандлёвых аперацый і колькасці гандлёвых партнёраў Беларусі. Так, можна адзначыць, што ў 2016 г. па беларускіх дадзеных, плодаагароднінная прадукцыя ў краіну завозілася з 117 краінаў свету на суму 1551 млн. USD, тады як у рэальнасці пра экспарт у Беларусь паведамляюць толькі 48 краін. Прычым, па іх дадзеных, сумарны абʼём паставак у Беларусь склаў толькі 1013,0 млн USD. То бок 69 краін-экспарцёраў, галоўным чынам, з краін Афрыкі, Азіі і Цэнтральнай Амерыкі наогул не гандлявалі з Беларуссю, у сувязі з чым, можна казаць аб масавай фальсіфікацыі дакументаў аб паходжанні прадукцыі, уключаючы фітасанітарныя сертыфікаты, якія гарантуюць яе бяспеку».

Акрамя таго, заяўляюць у Рассельгаснаглядзе, Беларусь скажае справаздачнасць нават у тых выпадках гандаль пацвярджаецца абодвума бакамі (Польшча, Турэччына, Іспанія ды інш.).

Расейскі бок сцвярджае, што маніпуляцыі са справаздачнасцю ў частцы паставак агародніны з Афрыкі прыводзяць да «істотных» стратаў бюджэту Расеі, бо прадаючы еўрапейскую прадукцыю пад выглядам афрыканскай беларускія пастаўшчыкі абкладаюцца мінімальнымі пошлінамі. (Паводле правілаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, прадукцыя краінаў трэцяга свету карыстаецца вялікімі льготамі).

«Улічваючы гэта, Рассельгаснагляд разглядае магчымасць прысутнасці інспектараў Службы пры ажыццяўленні адгрузак асобных відаў прадукцыі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. У такіх выпадках, партыі, якія прайшлі кантроль з боку Рассельгаснагляду, не будуць падлягаць дадатковаму кантролю пры ўездзе на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі», – адзначаецца ў заяве ведамства.

У сярэдзіне сакавіка Рассельгаснагляд заяўляў, што пра магчымасць увядзення забароны на пастаўкі беларускіх таматаў у РФ у сувязі з рээкспартам.

Паралельна пад забарону ў Расеі ледзь не трапіла беларускае малако. Хаця абвешчаную раней забарону ў апошні момант адмянілі, міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў усё роўна заявіў, што расейскі бок мае намер цягам часу адмовіцца ад імпарту беларускага малака – вытворцы з Беларусі павінны шукаць новыя рынкі збыту.

Праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расею каментаваў і Аляксандр Лукашэнка.

«Што датычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы. Таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець», – сказаў ён 30 сакавіка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў