Цяжкі авіяносны крэйсер «Адмірал Кузняцоў» – адзіны расейскі вайсковы карабель, які можа несці паўнавартасныя баявыя самалёты, аднак ён можа пакінуць баявы шыхт расейскага вайсковага флоту, паведаміла крыніца расейскіх «Известий» у Міністэрстве абароны РФ.
У 2018 годзе авіяносец працягваў рамонт пасля свайго сірыйскага паходу ў 2016-2017 гадах і стаў у плывучым доку, аднак у выніку аварыі ў канцы кастрычніка док патануў – па афіцыйнай версіі, доку з берага адключылі электрычнасць, а на сам авіяносец дадаткова зваліўся кран. У выніку карабель набраў некалькі тысяч тон вады, але застаўся на вадзе.
Карабель таксама атрымаў пашкоджанні і быў адбуксіраваны да сценкі суднарамонтнага заводу (Мурманск), дзе і стаіць дагэтуль. Стаіць без грабных вінтоў – такім чынам, сваім ходам ён рухацца не можа, а вінты можна было паставіць толькі ў доку. Які патануў.
Цяпер у Расеі ёсць толькі адзін іншы док, у які зноў можна паставіць «Кузняцова» – але той на Дальнім Усходзе, а буксіраваць карабель ці док на такую адлегласць амаль нерэальна. Абодва докі – і той, які патануў, і той, які застаўся – не савецкай і не расейскай вытворчасці. Ці зможа сама Расея пабудаваць такі док, і калі зможа – вялікае пытанне.
«Не ўсе лічаць працяг рамонту мэтазгодным. Ёсць розныя меркаванні, у тым ліку і тыя, якія зводзяцца да таго, што на гэтыя грошы лепш пабудаваць пару фрэгатаў ці атамную субмарыну», – сказаў суразмоўца «Известий» у ваенным ведамстве Масквы.
Нават калі «Кузняцоў» і будзе адрамантаваны, то хутчэй за ўсё будзе выкарыстоўвацца ў якасці навучальнага карабля, лічыць супрацоўнік Мінабароны РФ.
Публікацыю ў газеце, якая цалкам лаяльная сённяшняму Крамлю, наўрад ці хтосьці можа спісаць на «пятую калону». Хутчэй, яна падобная на падрыхтоўку грамадскай думкі да непазбежнага.
Карабель быў пабудаваны ў 1982-1991 гадах у ўкраінскім Мікалаеве, а потым стаў часткай расейскага Паўночнага флоту. Водазмяшчэнне – больш за 60 000 тон, максімальная хуткасць – 29 вузлоў. Каманда – 1980 чалавек.
Ад пачатку «Адмірал Кузняцоў» стаў ахвярай палітыка-ідэалагічных спрэчак сярод савецкіх ваенных і палітычных кіраўнікоў – камуністычныя ідэолагі выступалі супраць авіяносцаў як «зброі імперыялістычнай агрэсіі».
У выніку савецкія верфі нараджалі нежыццяздольных гібрыдаў паміж караблямі з ракетным і авіяцыйным узбраеннем – так званыя «авіяносныя крэйсеры». Апошнім з франкенштэйнаў (але пры гэтым першым, які меў магчымасць увогуле падымаць у паветра паўнавартасныя цяжкія паветраныя машыны) і стаў «Адмирал Флота Советского Союза Кузнецов».
Але і тут дыскусіі марксісцкіх цемрашалаў прывялі да таго, што «Кузняцоў» можа несці каля 30 самалётаў і верталётаў – гэта разы ўдвая меней, чым могуць несці параўнальныя па памеры авіяносцы іншых краін.
Ён гэтак і застаўся караблём з недалечанымі дзіцячымі хваробамі. Карабель рэмантаваўся амаль бесперапынна ў 1994-95, 1996-1998, 2001-2004, 2008 і перад самым выхадам у першы і адзіны баявы паход у 2016 годзе – у Сірыю.
Сусветную «славу» карабель атрымаў, калі праходзіў вакол Еўропы, каб паўдзельнічаць у расейскай ваеннай аперацыі ў Сірыі па ўратаванні рэжыму Башара Асада.
З трубаў «Кузняцова» падымаўся такі аграменны слуп дыму, што гэта выклікала здзіўленне і нават занепакоенасць назіральнікаў – ці даплыве?
Старая сілавая ўстаноўка авіяносца і яе дрэнны стан выклікалі жарты і фотажабы тысячаў інтэрнэт-карыстальнікаў.
Нешматлікія самалёты з састарэлага авіяносца бамбілі цэлі ў Сірыі, і з-за тэхнічных праблем два самалёты разбіліся. У 2017 годзе карабель вярнуўся ў Расею і стаў на рамонт, які цяпер можа стаць бясконцым і апошнім.
Ужо не першы год расейскія адміралы заяўляюць пра планы распрацоўкі і пабудовы новага авіяносца, але пакуль няма паведамленняў, што справа зайшла далей за макеты.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu