Расея будзе весці маніторынг беларускага мяса і малака: ад мяжы да крамы


Рассельгаснагляд будзе цалкам кантраляваць перамяшчэнне беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі па тэрыторыі Расеі з моманту перасячэння мяжы. Гэткія меры, паводле ведамства, папрасіу ўвесці Менск.

«Рассельгаснагляд выказвае глыбокую заклапочанасць, звязаную з павелічэннем спробаў увозу ў Расею з тэрыторыі Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі невядомага паходжання, а таксама выпадкаў выяўленняў неадпаведнасці беларускіх прадуктаў патрабаванням заканадаўства па якасці і бяспецы… З гэтай мэтай Рассельгаснагляд па просьбе беларускага боку ўводзіць нагляд за прадукцыяй ад пункта перасячэння адміністрацыйнай мяжы да месца рэалізацыі», – гаворыцца ў паведамленні.

Дадзеная мера дазволіць пазбегнуць прэтэнзіяў беларускага боку, бо прадукцыя будзе адсочвацца ў інфармацыйных сістэмах «Аргус» і «Меркурый».

На чым палягае канфлікт

Раней беларускі бок заяўляў, што парушэнні санітарных нормаў выяўлялі ў фальсіфікаваных таварах, зробленых у Расеі.

За 11 месяцаў мінулага году Беларусь ад экспарту ялавічыны ў Расею атрымала $ 400 мільёнаў. Расейскае эмбарга на ялавічыну з Менскай вобласці, якое набыло моц 6 лютага, закранае чвэрць айчыннай вытворчасці гэтага мяса. Таму, калі яно пратрымаецца, то можа каштаваць нашай краіне $ 100 мільёнаў. 8 лютага стала вядома, што Расея знайшла падставы, каб забараніць усю беларускую ялавічыну.

Рассельгаснагляд падазрае, што ў Расею пастаўляюць не беларускую ялавічыну, а ўкраінскую ці з іншых еўрапейскіх краінаў, супраць якіх дзейнічае расейскае эмбарга. Таксама ведамства заявіла, што ў 2017 годзе выявілі парушэнні санітарных нормаў у беларускім мясе і малацэ. Беларускія ўлады гэтыя закіды адхіляюць і вінавацяць Рассельгаснагляд ды ягонага кіраўніка Сяргея Данкверта ў несумленнай канкурэнцыі.

Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» Аляксандр Лукашэнка даручыў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта «за нанясенне страты дзяржаве». Сяргей Данкверт у сваю чаргу, сцвярджае, што гэта беларускія ўлады пакрываюць кантрабандыстаў.

Як можа закрануць беларусаў харчовы канфлікт

Калі Расея жорстка абмяжуе імпарт з Беларусі ялавічыны, як зрабіла гэта раней са свінінай, яна можа патаннець у беларускіх крамах. Але дзяржава, каб кампенсаваць выпадзенне гэтых даходаў, будзе вымушаная ўводзіць новыя зборы з насельніцтва або пайсці на скарачэнне бюджэтных выдаткаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў