Беларусь распачала праверку па «справе Данкверта». Расея не хвалюецца


МУС Беларусі заяўляе пра шматмільённыя страты беларускіх прадпрыемстваў. Расея адказвае, што яе дзеянні – правамерныя.

У аўторак, 7 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала заяву пра пачатак шэрагу праверак «па дзеяннях, якія змяшчаюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта)».

Паводле беларускіх праваахоўнікаў, пасля рашэння Рассельгаснагляду аб абмежаванні паставак з Беларусі, наўпроставыя страты прадпрыемстваў адной толькі Менскай вобласці склалі Br 5 млн.

Афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду заявіла «Новай газеце», што рашэнні адносна паставак сельгаспрадукцыі з Беларусі – законныя.

Напрыклад, у панядзелак Рассельгаснагляда «спыніў пастаўкі з Беларусі 7 тонаў ялавічыны без суправаджальных дакументаў і выкананай ветэрынарна-санітарнай экспертызы». Мяса нібыта ехала ў транспартным сродку без халадзільнага абсталявання. Прадукцыю знішчылі.

3 лютага Аляксандр Лукашэнка прапанаваў распачаць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данквэрта за перашкоду ў пастаўках беларускіх прадуктаў харчавання ў Расею.

Данкверт у адказ заявіў, што эмоцыі ў гэтай справе непатрэбныя, а ў ведамстве ёсць дастаткова людзей, якія могуць ацаніць – ці слушныя гэтыя прэтэнзіі.

«Я б у першую чаргу прасіў спачатку разабрацца з тымі, хто ўкраінскую ялавічыну, 10 тысяч тонаў, кампанія» Георгий і сыновья«, аформілі як беларускую і прывезлі ў Расею. Гэта пацверджаны факт, лепш бы гэтым заняліся», – дадаў Данкверт.

ДД

Стужка навінаў