Расея абяцае зрабіць усё магчымае, каб палепшыць дачыненні з ЗША


Уладзімір Пуцін падчас прэсавай канферэнцыі па выніках саміту G20 у Осака. Фота – Forum / Reuters

Пра гэта расейскі лідар распавёў пасля сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам на саміце Вялікай дваццаткі ў Японіі, падае «Reuters».

Падчас саміту Вялікай дваццаткі ў Осака Уладзімір Пуцін абмеркаваў з Дональдам Трампам пытанні ад гандлю да раззбраення. Ён таксама запрасіў Трампа на цырымонію святкавання 75-годдзя перамогі над нацыстамі ў траўні налета.

Трамп пацвердзіў, што Пуцін запрасіў яго ў Маскву.

«Ён запрасіў мяне, і я сказаў, што сур’ёзна падумаю», – заявіў Трамп пасля саміту.

Пуцін ахарактарызаваў перамовы ў Осака як «добрую сустрэчу, дзелавую, прагматычную» і сказаў, што кіраўнікі дамовіліся, што двухбаковыя сувязі патрабуюць паляпшэння пасля шматгадовых дыпламатычных канфліктаў вакол Украіны і абвінавачванняў ува ўмяшанні Расеі ў амерыканскія выбары.

«Я думаю, мы абодва разумеем, што трэба нейкім чынам вырашыць цяперашнюю сітуацыю. Абедзве краіны павінныя перагарнуць старонку і ісці наперад», – заявіў Пуцін.

На пытанне пра імавернасць увядзення санкцыяў ЗША супраць Расеі Пуцін сказаў, што Вашынгтон сам вырашыць, як найлепш наладзіць адносіны з Масквой.

Апроч абвінавачванняў умяшання ў выбары ў ЗША Пуцін абмеркаваў з Трампам сітуацыю ў Венесуэле, аднак не распавёў падрабязнасці размовы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў