Блізкі сябар Рамана Бандарэнкі: Ён хацеў пачаць жыццё з чыстага аркуша


12 лістапада не стала жыхара плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі. Мужчына сканаў у рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі, куды яго прывезлі пабітага ў цяжкім стане з Цэнтральнага РУУС. Напярэдадні Раман выйшаў да знакамітага муралу, дзе на яго напалі незнаёмцы ў масках, якія прыехалі зразаць з плота бел-чырвона-белыя стужкі. Смерць Рамана ўлады Беларусі выстаўляюць як бытавое злачынства. Belsat.eu паразмаўляў са Змітром, блізкім сябрам загінулага.

Раман Бандарэнка з сябрамі. Фота з сацсетак

Ганарыўся службай у спецназе

Як вы пазнаёміліся з Раманам? Раскажыце пра вашае сяброўства.

Мы знаёмыя з 2008–2009 года. Усё банальна проста, ёсць камп’ютарная гульня «Lineage ІІ». Раман вельмі любіў у яе гуляць. Вось так усё пачыналася, з гульні, мы там ледзь не соднямі сядзелі. Я быў не адным сябрам з Рэчыцы. Яшчэ пара маіх знаёмых, менскія хлопцы, чалавек сем. Мы шчыльна кантактавалі і запрасілі менскіх у Рэчыцу. Сустрэліся, адпачылі, на шашлыкі з’ездзілі. Потым астатнія менскія хлопцы зніклі, а мы з Ромам працягнулі камунікаваць. Пазней ён мяне ў Менск запрасіў.

Апошнія гады два-тры альбо я да яго ездзіў некалькі разоў на год, альбо ён прыязджаў у Рэчыцу. А на працягу ўсіх гэтых гадоў хоць бы раз на тыдзень мы сазвоньваліся. Маглі гаварыць гадзінамі. Я ведаў і маму Ромы, і ягоную жонку. Ён пазнаёміўся з маёй дзяўчынай. Калі мы пачыналі сябраваць, ні ў яго, ні ў мяне, натуральна, жонак не было.

Фотарэпартаж
«Абавязкова назавем вуліцу ў гонар цябе». Фотарэпартаж з развітання з Раманам Бандарэнкам
2020.11.20 17:16

Раман быў мастаком, скончыў Акадэмію мастацтваў. Як ён апынуўся ў спецназе?

Гэта вельмі цікавая гісторыя. Ягоны бацька калісьці служыў у ПДВ. Бацька жыў асобна, але яны шмат размаўлялі. Бацька быў для яго прыкладам. Калі Рома скончыў вучобу, яму прыйшла позва. Ён хацеў, скажам так, аддаць доўг радзіме і пайшоў па ваенкаматах. У той час ён працаваў, але прайшоў медкамісію. Па стане здароўя яму можна было ісці хоць у ПДВ. Ён хацеў трапіць у эліту. Сказалі прыходзіць у ваенкамат. Ён звольніўся з працы, заблакаваў сім-карту, хатні інтэрнэт, грунтоўна падрыхтаваўся і прыйшоў у ваенкамат.

Раман Бандарэнка – справа. Фота з сацсетак

Усіх забралі, а яму не хапіла месца, сказалі прыходзіць праз паўгода. Ён не хацеў адступаць, пайшоў прасіць, каб яго забралі ў войска. Яму сказалі, ідзі, маўляў, сам дамаўляйся, можа, кудысьці прымуць. Я дакладна ведаю, ён ва Уручча ездзіў, яшчэ ў нейкія вайсковыя часткі, але толку не дамогся. Яму далі адтэрміноўку на паўгода, зноў пайшоў працаваць.

Прыйшоў праз паўгода, і яго забралі, адразу ў в/ч 3214. Ён вельмі гэтым ганарыўся. Ён мне казаў, што гэта ўнутраныя войскі, эліта, прэзідэнцкая частка. Усё так, як ён хацеў.

Ён распавядаў вам аб службе, як ён успамінаў вайсковы час?

Пасля вышкі ён служыў толькі год, а не паўтара. Ён паказваў відэа, якія здымаў на тэлефон. На ўсіх вучэннях ён з камерай бегаў. Груба кажучы, зрабілі яго там аператарам. Служба яму спадабалася. Іх нават адпраўлялі на ўзмацненне мяжы, былі палявыя выезды. Выезды на прыроду, вучэнні яму вельмі падабаліся.

Чаму ён не застаўся служыць далей?

Не памятаю, у якім званні ён скончыў, шарагоўца або сяржанта, не буду хлусіць. Наколькі я ведаю, яму прапаноўвалі, але ён адмовіўся. Яму падабалася, але ён меркаваў так: адслужыў, доўг аддаў, усё. У яго засталіся калегі, з якімі ён падтрымліваў сувязь. Пасля дэмабілізацыі дакладна з імі размаўляў.

Раман Бандарэнка – справа. Фота з сацсетак

Раман не скардзіўся на дзедаўшчыну і нестатутныя адносіны?

Я ў яго пытаўся, але ён казаў, што не тая частка, дзедаўшчыны там як такой не было. Я так зразумеў, што старэйшыя вылучылі яго як больш адказнага хлопца. Яму ўсё ж ужо было тады 24–25.

Аднаўляў мурал на плошчы Пераменаў

Вы ведалі, што Раман датычны да вядомага муралу на плошчы Пераменаў?

Я нават пытаўся ў ягонай жонкі. Я ў навінах чытаў, што мурал малявалі невядомыя мастакі. Вакол гэтага графіці пачала ўтварацца кам’юніці. Жонка пацвердзіла, што пасля таго, як камунальнікі шмат разоў зафарбоўвалі, ён аднаўляў малюнак па контуры, абводзіў. Першы раз маляваў не ён. Плошча Пераменаў недалёка ад ягонага дому. Я ведаю, што ўвечары ён туды выходзіў, праводзіў час з мясцовымі, калі не кожны вечар, то вельмі часта. Ён маляваў, у футбол гулялі, проста бавіў час з задавальненнем, адпачываў.

Калі вы бачыліся з Раманам апошні раз? Раскажыце пра вашую сустрэчу.

Апошні раз я бачыў яго ў канцы ліпеня. У мяне быў роспіс. Яшчэ ў 2012–13 годзе, калі я пачаў сустракацца са сваёй дзяўчынай, пажартаваў, што ў наступным годзе – вяселле, ты будзеш сведкам. Ён сказаў, не пытанне. І толькі ў гэтым годзе я распісаўся. Па сутнасці, не лічачы бацькоў, гэта першы чалавек, які даведаўся, што ў мяне вяселле. У мяне ў пятніцу быў роспіс, за некалькі дзён да гэтага я напісаў, каб прыязджаў. Ён адразу патэлефанаваў, адчытаў, што не сказаў раней, але сарваўся з працы з жонкай.

Раман вучыць дзяўчынку маляваць. Фота з сацсетак

Чаго вы не паспелі зрабіць разам? Можа, у вас былі агульныя планы, вы збіраліся сустрэцца?

У мяне і яшчэ аднаго нашага агульнага сябра 8 лістапада быў дзень нараджэння. Апошнія тры гады Рома прыязджаў да нас у Рэчыцу. Сёлета праца не дала прыехаць, але паабяцаў, што ў яго перападлік да 10 лістапада, потым ён адразу звальняецца і прыедзе ў госці на пару дзён. Г. зн. у тыя дні, калі з ім гэта ўсё здарылася. Вось ён і не прыехаў.

Хацеў пачаць жыць з чыстага аркуша

Чым цікавіўся Раман, у яго былі нейкія планы на жыццё пасля звальнення?

У «Востраве чысціні» ён працаваў досыць доўга, гады тры. Ён казаў аб звальненні, штосьці не ладзілася з начальствам. У яго быў калектыў, свая каманда, і ён яе абараняў, заступаўся за хлопцаў. Я так разумею, зверху пачалі ціснуць, не было згоды. Таксама ён мне сказаў, што не для гэтага вучыўся. Я пытаўся пра яго планы на будучыню. Ён дакладна не ведаў, але хацеў у сферу IT, ўэб-дызайну. Год таму ён заканчваў курсы тэставальнікаў.

Ён выдатна ведаў «Photoshop», выкладаў курсы «3D-Max». Я яму таксама казаў, што багаж ведаў у яго вялікі, а ён увесь час паўтараў, што ў яго няма партфоліа, маўляў, хто на яго паглядзіць. У гэтым плане Рома быў перфекцыяністам. Але нешта ў яго светапоглядзе памянялася, мабыць, хацеў пачаць жыць з чыстага аркуша.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Як вы даведаліся пра здарэнне? Калі здарылася бяда з Раманам, вы былі ў Менску?

Мая сястра ў дэкрэце з дзіцем, яна чытае ўсе інфармацыйныя парталы. Яна патэлефанавала маёй жонцы і сказала, што затрымалі ў Менску Рамана, які служыў у 3214, скінула ёй спасылкі на відэа. Мая жонка пазнала яго, патэлефанавала мне і сказала, што Рома – у рэанімацыі. У той жа вечар мы пачалі збірацца ў Менск, у пятніцу ў мяне якраз быў выхадны. І ў той жа вечар Рома памёр.

Мы былі з ягонай жонкай, а мама і стрыечная сястра займаліся ўсім, звязаным з целам, кантактамі з прэсай. Калі маму было каму падтрымаць, то жонка Рамана была адна дома ў вельмі дрэнным стане. Ды і цяпер не зразумела, чым ёй дапамагчы. Я страціў сябра, а яна страціла самага блізкага чалавека. Жонка яго ў той вечар не заспела дома. Яна затрымалася на працы, а калі прыйшла, Ромы ўжо не было.

Ён казаў, што яго калі-небудзь забяруць

Як Раман ставіўся да таго, што адбываецца ў краіне? Падтрымліваў пратэсты? У інтэрнэце некаторыя СМІ называлі яго «прыхільнікам апазіцыі».

Ён неаднаразова паўтараў, што калі ідзе з працы або на працу, усюды бачыць шмат мікрааўтобусаў з сілавікамі. Ён казаў мне, што яго калі-небудзь забяруць. Так і казаў: я буду ісці, і я магу трапіць, мяне забяруць.

Шмат разоў было, што я тэлефанаваў, а ён ішоў з працы, і было чуваць, што сірэны, крыкі, пратэсты, але ён стаіць спакойна, размаўляе. Г. зн. ён стараўся абыходзіць бокам, каб пазбегчы праблемаў. Шмат разоў было так, што ён назіраў, быў побач.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Сказаць пра нейкія заўзятыя палітычныя погляды не магу. Наколькі мне вядома, ён ставіўся да ўсяго нейтральна. Але з улікам таго, што адбывалася ў дзень выбараў 9 жніўня, гэта магло памяняцца. Я яму якраз тэлефанаваў, у краіне пачаў знікаць інтэрнэт. І ён сказаў, што дзеецца нешта незразумелае. Ён выходзіць з падʼезду, а за сто метраў стаіць натоўп людзей, натоўп міліцыі, АМАП.

Магчыма, гэта неяк памяняла ягонае стаўленне і погляды. Яго гэта ўсё шакавала. Ведаючы яго, магу сцвярджаць: ён не мог застацца абыякавым. Не магу сказаць, што ён нешта прапагандаваў, але гэта яго кранула.

Ніколі б не палез у бойку

Вы, напэўна, ведаеце, як улады падаюць смерць Рамана, што пра яго казаў Лукашэнка. Следчы камітэт сцвярджае, што Рома быў пʼяны. Вы верыце ў гэта?

Рома быў чалавекам з галавой. Ён быў адказны. Гэта ўсё роўна, што ён бы выйшаў на працу пʼяным, чаго ніколі б не зрабіў. Я ў гэта не веру і не паверу.

Вы верыце ў тое, што Раман мог аказаць супраціў або быць агрэсіўным пры затрыманні невядомымі людзьмі ў масках?

Слоўная сварка магла адбыцца. Я сумняваюся, што ён прамаўчаў бы, калі б яго пачалі абражаць. Бо ён за словам у кішэню не лез. І ён быў за праўду. Калі дзесьці бачыў несправядлівасць, ён выказваўся, не маўчаў, не праглынаў, заўсёды мог адказаць. Магчыма, ён задаў нязручнае пытанне. Але ведаючы яго, я дакладна магу сказаць: ён ніколі б не палез у бойку, не ўдарыў першым. Калі на яго нападуць, ён можа даць у адказ, трываць не будзе. Але справакаваць бойкі ён не мог.

Лукашэнка заяўляў, што ўзяў расследаванне акалічнасцяў смерці Рамана на асабісты кантроль. Справу перадалі ў Генеральную пракуратуру. У інтэрнэт таксама трапілі магчымыя перамовы аб нападзе на Рамана. Як вы думаеце, забойцаў знойдуць?

Калі шчыра, мая думка, гэта ўжо няважна. Чалавека не вярнуць. Усё, што я магу сказаць. Калі я ў Менску, стараюся асабліва нічога не чытаць і не глядзець. У першыя дні навіны вельмі білі па маёй псіхіцы. Было не да таго. Цяпер такая сітуацыя ў краіне, што незразумела, каму верыць.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Як вы ставіцеся да таго, што з вашага сябры зрабілі своеасаблівы сімвал пратэсту?

Я не ведаю, ці хацеў ён быць, як яго называюць, «Рома – ты наш герой». У мяне адна думка: лепш бы ён быў героем для мяне, для жонкі, для вузкага кола людзей, чым на ўсю Беларусь. Так, можа, ён бы такога стаўлення хацеў, каб яго ўзнеслі, але лепш бы ён быў жывы і з намі.

Якім вы запомнілі Рамана?

Ён быў маім найлепшым сябрам. У мяне ў Менску няма знаёмых, хоць я часта там бываў. Але быў Рома, і я ведаў, што калі ў мяне сапсуецца аўта ці нешта здарыцца, ён прыедзе, забярэ, дапаможа, дасць начлег. Яму можна было даверыцца.

  • Рамана Бандарэнку збілі невядомыя ў двары плошчы Пераменаў 11 лістапада.
  • 12 лістапада Раман памёр у шпіталі.
  • Да збіцця, магчыма, мелі дачыненне старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў і кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
  • Смерць Рамана Бандарэнкі, які проста выйшаў у свой двор і загінуў, выклікала вялікую хвалю гневу і салідарнасці сярод беларусаў.
  • Лукашэнку абурылі народныя мемарыялы загінулым ад гвалту сілавікоў: «Навошта ў Менску ствараць мемарыялы пад выглядам могілак? Могілкі і мемарыялы – гэта псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва».
  • Гепракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да лекара менскай Гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі і іншай асобы па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 ст.178 КК (Разгалашэнне медычнай таямніцы). Артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. У межах справы затрыманы лекар, а таксама журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч.
  • Алена Бандарэнка, маці загінулага Рамана, паказала копію лабараторнага аналіза крыві яе сына. У гэтым дакуменце відаць, што этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі няма. Раней Лукашэнка, следчыя органы, пракуратура, Качанава сцвярджалі, што Раман Бандарэнка быў п’яны.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў