Рада бяспекі ААН увяла новыя санкцыі супраць КНДР: усе паўночнакарэйскія гастарбайтары павінны быць дэпартаваныя


Рада бяспекі ААН ухваліла новы пакет санкцый у дачыненні да Пхеньяна. За прыняцце рэзалюцыі аднагалосна прагаласавалі ўсе 15 членаў Рады бяспекі, у тым ліку Кітай і Расея – галоўныя гандлёвыя партнёры Паўночнай Карэі.

Прычынай сталі праведзеныя КНДР выпрабаванні новай міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Па сцвярджэнні Пхеньяна, з чым пагадзіліся многія міжнародныя эксперты, гэтая ракета здольная дасягнуць кантынентальнай тэрыторыі ЗША.

Рэзалюцыя ААН ставіць мэтай скараціць на 90% экспарт нафтапрадуктаў у Паўночную Карэю, абмежаваўшы аб’ёмы паставак 500 тыс барэлямі ў год. Уводзіцца забарона на пастаўкі КНДР прамысловага абсталявання, аўтатранспарту, металаў і г.д., а таксама накладаюцца дадатковыя абмежаванні на паўночнакарэйскі экспарт, паведамляе Голас Амерыкі.

Акрамя таго, рэзалюцыя ААН ставіць пад пагрозу адну з галоўных крыніцаў паступлення ў КНДР замежнай валюты: Рада Бяспекі патрабуе ад усіх чальцоў ААН разарваць кантракты з працоўнымі мігрантамі з Паўночнай Карэі і выслаць гастарбайтараў на радзіму. На выкананне гэтага прадпісання Рада бяспекі адводзіць 24 месяца. Вядома, што ўлады Паўночнай Карэі адпраўляюць за мяжу кваліфікаваных рабочых, пераважна, будаўнічых спецыяльнасцяў, з галоўнай мэтай – забяспечыць прыток замежнай валюты ў краіну, які рэзка скараціўся пасля ўвядзення міжнародных санкцый, паведамляе Бі-бі-сі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў