Рада БАЖ: «Белсат» стаў адным са значных элементаў нацыянальнай сістэмы СМІ


Заява ГА «БАЖ» у сувязі з сітуацыяй вакол тэлеканала «Белсат»

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» занепакоенае планамі ўладаў Польшчы па радыкальным рэфармаванні тэлеканала «Белсат», значным скарачэнні фінансавання адзінага, скіраванага да беларускага гледача незалежнага тэлеканала.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае падтрымку калегам з телеканала «Белсат», якія цягам дзевяці гадоў стваралі годны інфармацыйны прадукт, а зараз рызыкуюць апынуцца без працы.

Мы лічым, што тэлеканал «Белсат» стаў адным са значных элементаў нацыянальнай сістэмы сродкаў масавай інфармацыі. Дэ-факта ён выконвае ў беларускай інфармацыйнай прасторы ролю, якую дагэтуль не жадае выконваць дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі, – арыентаванай на беларускамоўнага гледача крыніцы ўзважанай інфармацыі пра падзеі ў краіне і ў свеце.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу ўладаў Польшчы на тое, што «Белсат», сярод іншага, зʼяўляецца эфектыўным мастом паміж беларускім і польскім народамі, інструментам пабудовы добрых адносінаў паміж імі. Такая роля асабліва актуальная ў часы інфармацыйнага супрацьстаяння крамлёўскай прапагандзе, абароны стандартаў абʼектыўнай журналістыкі.

Для нас «Белсат» – гэта не толькі годны тэлевізійны прадукт, а перад усім каля двухсот прафесійных беларускіх журналістаў, якія вырашылі звязаць свой лёс з каналам і якія ў выпадку ягонага закрыцця застануцца сацыяльна не абароненымі – без працы, без сродкаў для існавання ды з рэпутацыяй крытыкаў дзеючай улады, што пазбаўляе мажлівасці працаўладкавання ў Беларусі.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» перакананая, што Беларусі ў найвышэйшай ступені патрэбнае нацыянальнае грамадскае тэлебачанне, а значнае абмежаванне дзейнасці «Белсата» значна аддаліць здзяйсненне гэтага і будзе спрыяць распаўсюду ў Беларусі прапаганды, пазбаўленай той супрацьвагі, якую ўсе гэтыя гады дэманструе беларускамоўны нацыянальна арыентаваны тэлеканал «Белсат».

Рада ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

ПАДТРЫМАЙ «БЕЛСАТ»! ПАДПІШЫ ПЕТЫЦЫЮ!

18 снежня міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўкі агучыў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што ўрад замест тэлеканалу «Белсат» плануе стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.

belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў