Лукашэнка вырашыў паразмаўляць з працаўнікамі заводу «у сувязі з сітуацыяй на некаторых прадпрыемствах».
Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня наведвае працаўнікоў МЗКЦ у Менску. Пра гэты свой намер ён заявіў яшчэ 15 жніўня. Як падае дзяржаўная агенцыя БелТА, «у сувязі з сітуацыяй на некаторых прадпрыемствах».
Як пішуць Тэлеграм-каналы, Лукашэнка прыляцеў на тэрыторыю заводу на верталёце.
Таксама да МЗКЦ ідзе 10-тысячная калона працаўнікоў МТЗ, да якіх далучыліся іншыя людзі. Нагадаем, працаўнікі шмат якіх прадпрыемстваў страйкуюць дзеля справядлівых выбараў, а таксама просяць спыніць катаванні людзей у ізалятарах.
Як піша TUT.BY, на МЗКТ акрамя Аляксандра Лукашэнкі прыехаў таксама і яго малодшы сын Мікалай.
«Я ведаю, нягледзячы на тое, што некаторыя блукаюць. Ну, 150 на нейкім прадпрыемстве, нават 200 [чалавек. – Belsat.eu] надвор’е не робяць, па-першае. Па-другое, трэба разумець, што «дрэнны» прэзідэнт трымаў лішнюю колькасць, каб людзей не выкідалі на вуліцу. Зыходзіць трэба з гэтага. Хто хоча працаваць, няхай працуе. Не хочуць працаваць, што ж, мы іх не прымусім», – цытуе Лукашэнку БелТА.
Як паведамляе TUT.BY, Аляксандр Лукашэнка не выйшаў да асноўнай масы працаўнікоў, а закрыўся ў адным з цэхаў МЗКЦ, куды прывялі загадзя адабраных людзей. Літаральна праз гадзіну Лукашэнка пакінуў завод на верталёце.
Шматтысячная калона пратэстоўцаў дайшла да МЗКЦ. Сярод іх прысутнічае і Марыя Калеснікава, кіраўнічка штабу экс-прэтэндэнта ў кандыдата на прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Марыя Калеснікава паўтарыла асноўныя патрабаванні: адстаўка Лукашэнкі, вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама заклікала ўсе прадпрыемствы абраць аднаго прадстаўніка ва ўрад. Пікетоўцы скандуюць: «Сыходзь!», «Мы не авечкі, мы народ».
А вось, што было падчас прамовы Лукашэнкі перад спецыяльна адобранымі працаўнікамі МЗКЦ.
https://www.facebook.com/alexander.adamiants/videos/10164130015460092/
Падышлі таксама рабочыя РУП «Менскэнерга», «Менскія кабельныя сеткі». Кажуць, палова прадпрыемства далучылася да пратэстаў.
Калона пратэстоўцаў дайшла да МАЗу. Скандуюць «Выходзь». Рабочыя МАЗу пачалі выходзіць з прахадной, яны далучаюцца да пікетоўцаў. Усе скандуюць «Жыве Беларусь», «Лукашэнка ў аўтазак».
Тым часам дзяржаўная агенцыя БелТА выдае словы Лукашэнкі, якія ён казаў падчас прамовы ў МЗКЦ.
«Нельга гэтую Канстытуцыю аддаваць незразумела каму. Таму што будзе бяда», – кажа Лукашэнка. Ён таксама сказаў, што гатовы падзяліцца прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі. «Але не пад ціскам і ня праз вуліцу».
Калона пратэстоўцаў рушыла ў бок Партызанскага праспекту.
МАЗаўцы вяртаюцца, каб вызваліць астатніх, каго не выпускаюць з тэрыторыі заводу. Рабочыя кажуць, што большасць працаўнікоў падтрымалі забастоўку. Некаторых рабочых выпусцілі з тэрыторыі заводу.
Пратэсты падтрымалі рабочыя «Белрэстаўрацыі». Пакуль яны не абвесцілі забастоўку, але вылучылі патрабаванні (аналагічныя з астатнімі). Кажуць, што да патрабаванняў далучылася амаль палова з усіх рабочых прадпрыемства (каля 90 з агульнай колькасці менш чым 200 асобаў). Некаторыя працаўнікі ўдзельнічаюць у сённяшняй дэманстрацыі.
Калона пратэстоўцаў ідзе па Партызанскім праспекце ў бок цэнтру.
Калона дайшла да Маторнага заводу. Людзі скандуюць: «Выходзьце». Каб рабочыя Маторнага далучыліся да пратэстоўцаў.
Выйшлі рабочыя Маторнага заводу. Людзі скандуюць: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Рабочыя ММЗ кажуць, што ад сёння яны распачалі бестэрміновую забастоўку.
На 14:00 пратэстоўцы амаль дайшлі да Менскага заводу пеністых вінаў. Пратэстоўцы кажуць, што канчатковая кропка маршруту – Белтэлерадыёкампанія.
З Менскага заводу пеністых вінаў выйшлі каля дзясятку працоўных, яны віталі дэманстрантаў, але да шэсця не далучыліся. Галоўны энергетык заводу пеністых вінаў Аляксей Токараў патлумачыў, што працаўнікі заводу цалкам падтрымліваюць патрабаванні пратэстоўцаў і хочуць далучыцца да забастоўкі, але толькі пасля завяршэння вытворчага працэсу (шампанскае робяць некалькі тыдняў, калі працэс спыніць – усю партыю трэба будзе выліць).
Працаўнікі заводу «Атлант» пакуль не вырашылі, ці падтрымліваць страйк. Частка работнікаў спыняецца каля прахадной і вагаецца – падтрымліваць страйк, ці не. Дырэктар «Атланту» ў часе сустрэчы з работнікамі сказаў: «Праз тры месяцы не застанецца грошай. На маёй адказнасці 4 тысячы чалавек з крэдытамі, якім трэба есці».
Калона пратэстоўцаў дайшла да Макаёнка, 9 (Белтэлерадыёкампанія). Там іх сустракаюць крыкамі «Малайцы» тыя, хто пікетуе пад тэлеканалам. Усе разам скандуюць «Забастоўка», «Праўды», «Не забудзем, не даруем».
Людзі хочуць размаўляць з кіраўніком БТ Іванам Эйсмантам, патрабуюць, каб ён выйшаў.
За плотам БТ стаяць вайскоўцы з аўтаматамі.
На 16:20 людзей істотна стала менш. Іван Эйсмант не выйшаў на пратэстоўцаў. Людзі працягнулі выступаць з прамовамі наконт таго, як БТ асвятляе пратэсты. Скандуюць: «Пакажы нас па БТ».