Прэзідэнт Кыргызстана прапанаваў ЦВК «пры неабходнасці» адмяніць вынікі выбараў у парламент


Пратэсты ў Бішкеку ў ноч з 5 на 6 кастрычніка 2020 года.
Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

Кіраўнік Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў выступіў з заявай, у якой назваў пратэсты «спробай незаконнага захопу ўлады». Таксама ён паведаміў, што прапанаваў Цэнтрвыбаркаму расследаваць парушэнні падчас выбараў і пры неабходнасці ануляваць іх вынікі.

Зварот прэзідэнта Кыргызстана паказалі ў трансляцыі «Радыё Азаттык», тэкст апублікаваны на сайце кіраўніка дзяржавы.

«Мінулай ноччу некаторыя палітычныя сілы спрабавалі незаконна захапіць дзяржаўную ўладу. Выкарыстоўваючы вынікі выбараў як падставу, яны парушылі грамадскі парадак. Яны парушылі мірнае жыццё гараджан. Яны не падпарадкоўваліся праваахоўнікам, збілі медыкаў і нанеслі пашкоджанні будынкам», — заявіў Сааранбай Жээнбекаў.

Ён дадаў, што даў загад сілавікам не адкрываць агонь, «каб не падвяргаць небяспецы жыццё ніводнага грамадзяніна». Аднак вядома прынамсі аб адным чалавеку, што загінуў падчас сутыкненняў пратэстоўцаў з сілавікамі. Акрамя гэтага, Жээнбекаў заклікаў лідараў апазіцыі адвесці іх прыхільнікаў з вуліц.

«Я прапанаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі дбайна расследаваць парушэнні і пры неабходнасці ануляваць вынікі выбараў», — запэўніў прэзідэнт Кыргызстана.

Пратэсты ў Бішкеку ў ноч з 5 на 6 кастрычніка 2020 года.
Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

ПРАТЭСТЫ ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ У КЫРГЫЗСТАНЕ. ШТО ВЯДОМА НА ДАДЗЕНЫ МОМАНТ

  • 4 кастрычніка прайшлі выбары ў парламент Кыргызстана – Жагорку Кенеш. Па папярэдніх афіцыйных дадзеных, большасць галасоў атрымалі прапрэзідэнцкая партыя «Бірымдык» («Адзінства») і «Мекенім Кыргызстан» («Мая радзіма — Кыргызстан»), звязаная з кланам Матраімавых.
  • 5 кастрычніка на плошчы Ала-Тоа каля Белага дома (тут знаходзіцца парламент і адміністрацыя прэзідэнта) прайшоў мітынг апазыцыі з патрабаваннем скасаваць вынікі выбараў. Мітынг разагналі сілавікі, пасля чаго ў горадзе адбываліся сутыкненні пратэстоўцаў і міліцыі.
  • Супраць дэманстрантаў сілавікі выкарысталі светлашумавыя гранаты, вадамёты і газ. Адзін паранены памёр, 13 пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што шпіталізаваныя 130 чалавек, дзясяткі атрымалі амбулаторную дапамогу.
  • Пратэстоўцы з другой спробы змаглі захапіць Белы дом. Таксама яны захапілі будынак мэрыі Бішкека і Генпракуратуры.
  • З прычыны пратэстаў з СІЗА адпусцілі экс-прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева, а з калоніі — былога дэпутата Садыра Жапарава.
  • Акцыі пратэсту працягваюцца 6 кастрычніка ў многіх рэгіёнах краіны. Кіраўнікі трох абласцей з сямі сышлі ў адстаўку.
  • Пачаліся перамовы аб фарміраванні часовага кабінета міністраў.
Людзі, якія пратэстуюць супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, стаяць перад захопленым будынкам урада, Бішкек, Кыргызстан, 6 кастрычніка 2020 г. фота: VLADIMIR PIROGOV / Reuters / Forum

ОБ /АА/ Vot Tak TV

Стужка навінаў