«Прэзідэнт быў галоўным госцем». Як выглядае скандальная рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны»

Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Будаўніцтва рэстарацыі на тэрыторыі заказніка «Лебядзіны» распачалося яшчэ ў 2014 годзе. Забудоўнікам выступіла кампанія «Тапас», якая ў 2018 годзе залезла на берагавую лінію сажалкі, чым фактычна знішчыла ўнікальную тэрыторыю. Учора, 11 студзеня, рэстарацыя з аднайменнай назвай афіцыйна адкрылася, і там таксама не абышлося без скандалаў. Belsat.eu наведаўся ў гэтае месца і паказвае вам, дзеля чаго знішчылі дом чырвонакніжнікаў.

Смецце ў возеры і «Porsche» ля ўваходу

Мы прыязджаем у рэстарацыю вечарам у нядзелю. Ля ўваходу стаяць дарагія аўтамабілі – «Mercedes», «Porsche». Ёсць адчуванне, што рэстарацыі моцна дапамог з прамоцыяй візіт Аляксандра Лукашэнкі – ён паеў, выпіў ва ўстанове, яшчэ да адкрыцця на закрытай VIP-вечарыне.

На ўваходзе нас сустракае рэгістратар – пытае, ці не замаўлялі мы стол, і прапаноўвае пакінуць нашую вопратку. Іншая працаўніца рэстарацыі Вераніка хутка праводзіць нам міні-экскурсію. Паказвае вінны пакой і адзначае, што на адкрыцці для выбраных Лукашэнка быў галоўным госцем.

Уваход у рэстарацыю. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што выглядае рэстарацыя нядрэнна. Інтэрʼер распрацавала Алена Булатая, пра што яна сама з гонарам распавяла ў Facebook. Пост Алены пра яе твор у «Лебядзіным» заканчваецца так: «Спадзяюся, атмасфера, як і кухня, прыйдзецца вам да густу».

Калі актывіст Антон Матолька паспрабаваў растлумачыць Алене, што яна прэзентуе інтэрʼер на прыкладзе «карупцыі ды ўсеўладдзя», дызайнерка адказала ў духу «мая справа маленькая».

У рэстарацыі 96 месцаў. Ёсць і зашклёная тэраса, якая будзе працаваць улетку. У галоўнай зале на сцяне вісіць вялікая мапа Беларусі, апраўленая ў выглядзе дубу. А яшчэ там ёсць статуэткі з лебедзямі – іранічна, праўда? І нават канцэртная сцэна – цікава, ці паклічуць Саладуху паспяваць для гасцей.

Інтэрʼер распрацавала Алена Булатая. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Каб даведацца кошты, мы адкрываем меню. У «Лебядзіным» прэзентавана больш за 1000 пазіцыяў віна, максімальны кошт якога амаль $ 1500. Але больш за ўсё нас уразілі асноўныя стравы – у рэстарацыі, дзеля якой знеслі заказнік, вам могуць падаць боршч з качкай, і ўсяго за 20 рублёў.

У «Лебядзіным» прэзентавана больш за 1000 пазіцыяў віна. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Самая дарагая страва ў асноўным меню – фалангі краба (добра, што не галава качкі), іх гатуюць за 45 рублёў. Але працаўнікі паведамілі, што стравы будуць змяняцца, і што яны могуць згатаваць нешта на жаданне наведніка. За гарбату мы заплацілі 5 рублёў.

«Хто там за птушак перажываў?» Кепскі PR – таксама PR

Рэстарацыйны комплекс разлёгся на месцы экасістэмы ў рысе Менску, дзе жылі птушкі з Чырвонай Кнігі. Заказнік быў створаны ў 1984 годзе, але яго ўжо амаль не засталося. Уся гэтая тэрыторыя – балота з вельмі глеістай глебаю. Менавіта таму будынак стаіць на велізарным каменным насыпе. Кажуць, што птушкі з Чырвонай Кнігі, якія тут жылі, абіралі гэтае месца, бо тут не вялася чалавечая дзейнасць. А цяпер у чароце вакол рэстарацыі ўжо не відаць ні птушак, ні жывёлінаў, замест іх трапляецца разнастайнае смецце: кавалкі пластыку, скрыні ды балонікі.

Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Здавалася б, ведаючы ўсё гэта, хіба можна прабіць дно ў піяры рэстарацыі? Аказваецца, можна. Напярэдадні адкрыцця PR-менеджарка рэстарацыі «Лебядзіны» Вікторыя Мароз у якасці запрашэння на адкрыццё рэстарану змясціла фота качынай дзюбы з подпісам: «Хто там за птушак перажываў?»

Піяршчыца рэстарацыі «Лябяжы» запосціла ў Instagram жахлівае фота

Пазней выявілася, што здымак, які яна размясціла, быў крадзены, пагатоў такой стравы ў меню няма. Але беларусы абурыліся, і Вікторыя вырашыла выправіць сітуацыю і пагутарыла з журналістамі (дарма). «Это не природный водоем, а искусственно созданный в 1980-е годы. Да, там были птицы, но они там и остались. Только одна прибрежная зона стала более комфортной для подхода к воде». Здаецца, каментары тут залішнія.

Карэспандэнты belsat.eu замовілі толькі гарбату. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Чаму мы не сталі есці ў «Лебядзіным» і вам не раім

Заказнік знішчылі дзеля рэстарацыі фактычна з дазволу Лукашэнкі. Ён дапамог адкрыцца свайму сябру – бізнесоўцу Паўлу Беламу, якому належыць кампанія «Тапас», і з якім яны цягам 14 гадоў гуляюць разам у хакей. Калі думаеш пра тое, незнарок праводзіш паралелі між «Лебядзіным» і «Паедзем паядзім». Падчас будаўніцтва абедзвюх рэстарацыяў былі змененыя ахоўныя межы на карысць бізнесоўцаў. Але, выглядае, для Беларусі гэта не праблема – пра тое, што ў нас няма рэпутацыйнага бізнесу, кажуць самі бізнесоўцы.

Адваротны бок рэстарацыі ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Адваротны бок рэстарацыі ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Дзеля справядлівасці заўважым, што ў «Лебядзіным» адсутнічае славуты «аграгламур» – «дорага-багата», які адразу заўважаеш у рэстарацыі ля Курапатаў. Было б хлуснёй казаць, што «Лебядзіны» атрымаўся безгустоўным. Але есці – што ў рэстарацыі на костках, што ў тым, дзеля якога знеслі заказнік, – аднолькава не хочацца.

Зрэшты, кожны мусіць сам вырашаць, дзе яму есці, а дзе – не. Аўтары гэтага артыкулу дакладна не пойдуць вячэраць у «Лебядзіны». Бо рэстаранаў шмат, а вось экалогія – адна.

Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

P.S. Рэстарацыю маглі пабудаваць на іншым баку праспекту Пераможцаў, і пытанняў адносна экалогіі ніхто б не задаваў.

Васіль Русецкі, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Hавiны