МУС і Генеральная пракуратура ўсталявалі новыя факты крымінальнага пасярэдніцтва і карупцыі ў сферы сельскай гаспадаркі.
«Выкрытая злачынная схема, па якой службовыя асобы камерцыйнай структуры ў змове з адказнымі службовымі асобамі Менскай вобласці рэалізоўвалі па завышаным кошце таварна-матэрыяльныя каштоўнасці насуперак інтарэсам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», – сцвярджаюць у Міністэрстве ўнутраных справаў.
Паводле звестак МУС, кіраўніцтва ААТ «Менаблаграсервіс» арганізавалі закупку запасных частак да сельскагаспадарчай тэхніцы «па завышаным кошце да 9 разоў ад цаны вытворцы або імпарцёра праз афіляваную пасрэдніцкую структуру». Пры гэтым у кіраўнікоў Менаблаграсервісу «меліся рэальныя магчымасці» працаваць па прамых дагаворах з пастаўшчыкамі наогул без пасярэднікаў, падкрэсліваюць сілавікі.
Суму нанесенай шкоды ААТ «Менаблаграсервіс» і сельскагаспадарчым прадпрыемствам Менскай вобласці праваахоўнікі ацанілі ў 500 тыс. беларускіх рублёў ($ 250 тыс.).
У дачыненні да генеральнага дырэктара і начальніка аддзелу закупак Менаблаграсервісу распачатая крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь).
ІІ, belsat.eu