Праціўнікі акумулятарнага заводу збіраюцца балатавацца ў кожнай акрузе Берасця


У выбарах у Палату прадстаўнікоў збіраецца ўдзельнічаць Уладзімір Мароз, яшчэ адзін актывіст Берасцейскага пратэсту супраць мясцовага акумулятарнага заводу. Гэтыя планы Мароз пацвердзіў у размове з карэспандэнтам «Белсату». Калі ягоную ініцыятыўную групу зарэгіструюць, пратэстоўцы маюць шанцы стаць кандыдатамі ў дэпутаты ў кожнай з чатырох выбарчых акругаў гораду.

У панядзелак 16 верасня акружная выбарчая камісія па Берасцейскай-Памежнай выбарчай акрузе №4 разгледзіць заяву на рэгістрацыю групы па зборы подпісаў актывіста кампаніі па барацьбе з акумулятарным заводам у Берасці, дзяжурнага «Свінцовай варты» Уладзіміра Мароза.

Шэсце па цэнтру Берасця на знак пратэсту супаць заводу АКБ. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Актывіст прызнаецца «Белсату», што яшчэ да нядаўняга часу не меў палітычных амбіцыяў, а ўдзел у выбарах называе збегам абставінаў: пратэстоўцы вырашылі вылучыць кандыдатуру актывіста пасля таго, як у раёне, дзе знаходзіцца завод, пачалі абурацца адсутнасцю прадстаўнікоў пратэсту сярод кандыдатаў.

«Рашэнне [вылучыцца] – не маё, а калектыўнае», – кажа Мароз.

Паводле актывіста, апошняй кропляў перад удзелам у кампаніі стала бяздзейнасць уладаў на звароты берасцейцаў у справе заводу цягам апошніх двух гадоў. Сваёй праграмы Уладзімір Мароз яшчэ не мае.

«Яна толькі нараджаецца», – тлумачыць ён.

Шанцы стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Мароз ацэньвае станоўча.

«Калі б шанцаў не было, я б не вылучаў сваю кандыдатуру. Зараз усё залежыць ад людзей», – дадае мужчына.

На мінулым тыдні свае групы зарэгістравалі яшчэ трое актывістаў пратэсту супраць акумулятарнага заводу: Аляксандр Кабанаў, Раман Кісляк і Алена Макарэвіч. Праз некалькі дзён яны распачнуць збор подпісаў.

«Пачнем збор адразу, як будзем гатовыя. Спадзяюся, за тыдзень збяром – можа, хутчэй», – кажа Кабанаў.

Прадпрыемства «АйПаўэр» паўстала ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», але праз пратэсты берасцейцаў гэтак і не распачало працу. Мясцовыя жыхары заяўлялі, што прадпрыемства небяспечнае для навакольнага асяроддзя.

Кожны дзень каля тэрыторыі заводу актывісты з групы ў 60 чалавек па чарзе дзяжураць па дзве гадзіны, фіксуючы ўсё, што адбываецца на тэрыторыі заводу.

Налепка супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу на шкле аўтамабіля ў Берасці.

З 25 лютага 2018 года праціўнікі заводу збіраюцца кожную нядзелю ў цэнтры Берасця, каб сімвалічна пакарміць галубоў. Удзельнікі гэтых сустрэчаў прызнаюцца, што міліцыянты пагражаюць ім расправаю.

Апошняя акцыя прайшла сёння – на плошчы Леніна сабраліся каля 120 чалавек.

У чэрвені стала вядома, што завод не адпавядае экалагічным патрабаванням. У выніку за кратамі апынуліся прынамсі шэсць чалавек у межах праверкі сітуацыі. У следчым ізалятары, між іншага, знаходзіцца інвестар заводу Віктар Лемяшэўскі.

Улады абяцаюць не труціць людзей, але ім не вераць. Сітуацыя вакол заводу АКБ у чатырох заявах

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары