Улады абяцаюць не труціць людзей, але ім не вераць. Сітуацыя вакол заводу АКБ у чатырох заявах


Канфлікт вакол будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага заводу «АйПаўэр» цягнецца ўжо паўтара года. Увесь гэты час берасцейцы выходзілі на вулічныя пратэсты, спрабуючы спыніць шкодную вытворчасць. Цягам апошняга тыдня ўлады, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, фактычна прызналі, што пратэстоўцы маюць рацыю. Аднак удзельнікі пратэстаў лічаць, што кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана. Belsat.eu сабраў ключавыя заявы пра сітуацыію вакол акумулятарнага заводу за апошні тыдзень.

Кіраўніцтва Берасцейшчыны

«Мы лічылі, што гэта будзе годнае прадпрыемства, якога ў рэспубліцы ў нас няма, для вытворчасці поўнага цыклу акумулятараў. Ён патрэбны рэспублікі. Але, на жаль, інвестар не вельмі прыстойны, ён пайшоў па шляху завуалявання некаторых момантаў, якія выклікалі абурэнне сярод насельніцтва», – сказаў старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс у эфіры тэлеканалу ОНТ.

Паводле чыноўніка, пасля таго, як былі выяўленыя парушэнні, берасцейскія ўлады прынялі рашэнне прыпыніць будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю заводу.

«Як і сказаў кіраўнік дзяржавы, што завод гэты з парушэннямі ўведзены не будзе, незалежна ад таго, хто яго будзе там уласнікам, дзе ён у каго будзе. Таму вось так, людзей труціць не будзем», – падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Аляксандр Лукашэнка

«Думаю, не буду вельмі арыгінальны ў сваім меркаванні: я ў гэтым выпадку на баку людзей. Тут зʼявіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны зʼявіліся тады, калі ўся інфармацыя стала здабыткам прэзідэнта», – заявіў Лукашэнка падчас наведвання Берасця 6 верасня.

Лукашэнка ў Берасці. Фота – president.gov.by

Паводле кіраўніка дзяржавы, як толькі ён даведаўся аб праблемах, звязаных з будаўніцтвам акумулятарнага заводу, гэтую інфармацыю сталі старанна пераправяраць.

«Калі я пераправерыў інфармацыю, я ўбачыў, што тут людзі, якія перажываюць за экалогію, сваё жыццё, жыццё дзяцей, у асноўным маюць рацыю. І я ўбачыў правапарушэнні – з боку і асобных дзяржаўных службоўцаў, і асобных дзялкоў, якія паабяцалі пабудаваць увогуле патрэбны нам абʼект», – расказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што сама па сабе ідэя пабудаваць завод была добрай, «але гэта таго не варта, каб цкаваць людзей і гадзіць экалогію». Ён падкрэсліў, што калі акумулятарны завод у Берасці будуць уводзіць у строй, то ён павінен адпавядаць усім экалагічным стандартам. А мясцоваму насельніцтву неабходна даць права правесці сваю экспертызу. «Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод», – запэўніў ён.

Пратэстоўцы

Кармленне галубоў на плашчы Леніна.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Нягледзячы на заявы прадстаўнікоў улады, 8 верасня ў цэнтры гораду зноў сабраліся берасцейцы, што змагаюцца супраць акумулятарнага заводу. Яны лічаць, што спыняць барацьбу можна толькі пасля афіцыйнага, юрыдычна замацаванага рашэння аб закрыцці заводу.

«Калі гэта ўвойдзе ў межы юрыдычнага поля, тады пытанне будзе закрытае. А пакуль расслабляцца нельга. Ініцыятыўная група не спыняецца на гэтым, мы будзем ціснуць да канца», – заявіў адзін з лідараў пратэстаў Дзмітрый Бекалюк.

Ён паведаміў, што пратэстоўцы вылучаюць на выбарах у Палату прадстаўнікоў трох сваіх актывістаў – Аляксандра Кабанава, Алену Макарэвіч і Рамана Кісляка. Яны мусяць адстойваць інтарэсы пратэстоўцаў у парламенце. Бекалюк абвесціў кампанію для збору подпісаў за кандыдатаў.

Пакуль заявы ўладаў поўнага даверу берасцейцаў не выклікаюць.

«А дзе паўтара гада была дзяржава? Гэта што, паўтара гада трэба было разбірацца, хто дзе хабары браў? Або давалі камусьці магчымасць спакойна сысці, звольніцца? – казаў у нядзелю падчас чарговай акцыі Бекалюк. – Ніякага зруху адносна экалагічных правоў грамадзянаў не адбылося. Я не пачуў ад прэзідэнта, што завод мусіць быць закрыты. Я пачуў ягоныя словы, што завод нам быў патрэбны».

Hавiны
Удзельнік берасцейскага пратэсту: Будзем карміць птушак, пакуль на заводзе АКБ не павесяць замок
2019.09.08 16:00

Камітэт дзяржбяспекі

Яшчэ ў пачатку ліпеня Генпракуратура заявіла, што па даручэнні Лукашэнкі праводзіцца праверка сітуацыі, звязанай з будаўніцтвам заводу. У межах расследавання КДБ распачаў крымінальныя справы паводле артыкулаў 430 («Атрыманне хабару») і 431 («Даванне хабару»). Кіраўніка ТАА «ПАК-кіраванне», бізнесоўца і ўладальніка заводу Віктара Лемяшэўскага арыштавалі.

«З ім яшчэ вельмі шмат людзей затрымалі. Усе яны раздавалі хабары адказным асобам за развязанне тых ці іншых пытанняў, у тым ліку і тых, што датычыць будаўніцтва акумулятарнага заводу», – паведаміў 3 верасня журналістам старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

Вакульчык адзначыў, што ў гэтай справе арыштаваныя ў тым ліку два чыноўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў