Працаўнікі «Белмедпрэпаратаў»: Неліквідныя медыкаменты захоўваюць у прыбіральнях


Працаўнікі РУП «Белмедпрэпараты» скардзяцца: кіраўніцтва прымушала іх неналежным чынам захоўваць дарагія лекі, а потым дадаваць ужо неліквідны тавар у свежыя партыі. Генеральны дырэктар заводу Канстанцін Белы інфармацыю зняпраўджвае і дадае, што падобных выпадкаў не было.

Крыніца блогера NEXTA даслала фотаздымкі, зробленыя, як мяркуецца, у памяшканні цэху № 2 Менскага заводу «Белмедпрэпаратаў», дзе вырабляюць прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў, а таксама ў электрашчытавой. Паводле словаў крыніцы, якая назвалася працаўніком «Белмедпрэпаратаў», туды схавалі неліквідныя і сапсаваныя лекі.

Гэтак выглядае склад неліквіду для ўтылізацыі ў памяшканні электрашчытавой заводу «Белмедпрэпараты»
Справка

GMP – (англ. Good Manufacturing Process) афіцыйны дакумент, які паказвае на тое, што вытворчы працэс канкрэтнага прадпрыемства адпавядае ўсім патрабаванням міжнароднага стандарту. Такім чынам пацвярджаецца, што лекавыя сродкі (або іншыя тавары), якія выпускаюцца, бяспечныя і якасныя. Сертыфікат GMP павышае прэстыж прадпрыемства, узмацняе ягоную інвестыцыйную і экспартную прывабнасць, дае магчымасць перамагчы ў тэндарах на буйныя заказы. У Беларусі яго пасля інспектавання выдае Міністэрства аховы здароўя.

Паводле працаўнікоў, зрабілі гэта перад візітам аудытараў, якія прыехалі для надання медыкаментам сертыфікатаў GMP на адпаведнасць міжнародным нормам.

«Схавалі не толькі брак і неліквід, але і тэхнічную дакументацыю, якую аўдытарам лепш не бачыць. Лекі дарагія – цытастатыкі, пірацетам, цэрэгін. Ад 1$ за ампулу, звыш 100 000 адзінак. Сапсаванае пры «захоўванні» не знішчаюць, а дадаюць у свежыя партыі. Яшчэ ў склады бракаванай прадукцыі ператвараюць прыбіральні, павесіўшы таблічку «рамонт», – гаворыцца ў лісце крыніцы.

Паводле яе, прымушае працаўнікоў паступаць такім чынам само кіраўніцтва.

«Людзей прымушаюць гэта рабіць намеснікі гендырэктара Святлана Адамовіч і Марына Бясполава. У абедзвюх – сувязі і ў Мінаховы здароўя, і ў Камітэце дзяржкантролю. Пісаць (звяртацца са скаргай – заўв. belsat.eu) бессэнсоўна. Працаўнікоў, якія не жадаюць хаваць брак і падрабляць вынікі аналізаў, пужаюць непрацягненнем кантракту. Сумленныя сыходзяць, астатнія церпяць. А «лекі», у лепшым выпадку, проста не лекуюць», – працягвае крыніца.

Тлумачэнне кіраўніцтва заводу, дасланае belsat.eu

Гендырэктар «Белмедпрэпаратаў»: У цэху часова захоўвалі ўзоры медыкаментаў да ўтылізацыі

Мы звязаліся з генеральным дырэктарам РУП «Белмедпрэпараты» Канстанцінам Белым, каб даведацца, ці адпавядае скарга працаўнікоў заводу рэчаіснасці.

«А хто да вас звярнуўся? Ці ёсць прозвішчы? Я ананімкі не разглядаю… Я магу толькі адно сказаць: гэта хлусня і такога быць не можа», – пракаментаваў ён.

Паводле словаў гендырэктара, падобныя факты на заводзе ніколі не фіксаваліся. Калі карэспандэнт belsat.eu паведаміў Беламу, што мае фота ад крыніцы, на якіх бачна склад скрынак у электрашчытавой, той адказаў:

«Калі вы мне дашляце фота, я буду праводзіць унутранае расследаванне. Мне трэба ўбачыць факты. А калі хтосьці быў звольнены і вырашыў на ўсю краіну скандал зрабіць, то мне нецікава», – дадаў гендырэктар. Адначасова ён зазначыў, што апошнім часам канфліктаў, якія прыводзілі да звальнення, на прадпрыемстве не здаралася.

Мы даслалі здымкі і 17 верасня атрымалі ліст ад кіраўніцтва з падрабязным тлумачэннем.

Вядома, што значная частка прадукцыі заводу ідзе на экспарт, у тым ліку ў Расею. У лісце гаворыцца: цяпер «Белмедпрэпараты» укараняюць сістэму маніторынгу руху лекавых сродкаў, як таго патрабуе расейскае заканадаўства. Адно з галоўных патрабаванняў новай сістэмы – фармацэўтычная серыялізацыя, то бок нанясенне на прадукцыю адмысловага коду дзеля абароны ад падробак. Метад дазваляе маніторыць рух медыкаменту ад вытворцы да канчатковага пакупніка. Код наносіцца пры дапамозе спецыяльнага абсталявання.

«У мэтах правядзення пуска-наладкі і кваліфікацыя абсталявання для серыялізацыі напрацаваныя ўзоры, якія былі кароткачасова размешчаныя на плошчах цэху да моманту ўтылізацыі. РУП «Белмедпрэпараты» прынятыя меры па ўстараненні дадзенай сітуацыі і перадухіленні яе ўзнікнення ў далейшым», – паведамляецца ў лісце.

Такім чынам, кіраўніцтва прызнае, што размяшчаць нават пробную партыю лекаў у электрашчытавой было некарэктна, але пра «дамешванне» гэтага неліквіду ў партыі тавару на продаж гаворкі не ідзе.

***

  • Завод па вырабе лекаў «Белмедпрэпараты» існуе з 1929 году. Пасля распаду СССР, у 1995 годзе форма ўласнасці з дзяржаўнай змянілася на акцыянернае таварыства. Аднак у 2004 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пастанавіў зноў нацыяналізаваць прадпрыемства, а ранейшую прыватызацыю прызнаў незаконнай.
  • З таго моманту скандалы не абыходзілі «Белмедпрэпараты» бокам: гэтак, у траўні 2008 году намеснік гендырэктара і галоўны бухгалтар былі асуджаныя на 9 гадоў пазбаўлення волі за крадзеж у асабліва буйным памеры, яшчэ шэраг службовых асобаў атрымалі да 6 гадоў. А ў студзені 2016-га намесніка дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці пакаралі 3 гадамі турмы за ўхіленне ад выплаты падаткаў – ён не задэклараваў прыбытак у 1, 5 мільёны долараў.
  • Сёння прадпрыемства выпускае больш за 350 найменняў прэпаратаў, якія рэалізоўвае не толькі ў Беларусі, але і пастаўляе ў 25 краін свету, у тым ліку ў краіны Еўразвязу. Вытворчыя пляцоўкі займаюць тэрыторыю звыш 20 гектараў і ўключаюць у сябе больш за 20 цэхаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў