Працаўнік Акадэміі навук параўнаў прыхільнікаў Ціханоўскага з нацыстамі


Пётра Пятроўскі – працаўнік Інстытуту філасофіі НАН Беларусі і сустаршыня рэдакцыйнага савету «Евразия.Эксперт» – параўнаў беларусаў, якія падпісваюцца за Святлану Ціханоўскую, з нацысцкімі карнікамі, што палілі беларускія вёскі.

Журналістка «Белсату» Любоў Лунёва на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook задалася пытаннем аб пратэставых настроях беларусаў супраць дзейнага рэжыму.

Перапіска ў Facebook

«Шмат хто апошнім часам «папярэджвае» пра тое, што Ціханоўскі ды іншыя кандыдаты не будуць бараніць беларушчыну, незалежнасць, і таму не варта так ужо апантана ставіць за іх подпісы. Але Ціханоўскі, як гэта ні дзіўна, тут ні пры чым. Людзі становяцца ў чаргу і, калі іх іншыя запытваюць, куды гэтая чарга, адказваюць: «Ставіць подпіс СУПРАЦЬ Лукашэнкі». Не ЗА таго ці іншага кандыдата, а СУПРАЦЬ аднаго», – напісала Лунёва.

На што ў каментарах Пётра Пятроўскі адказаў: «Такія супраць Сталіна ў 1941–1944 гг. палілі шмат беларускіх вёсак». У наступным каментары ён таксама ўдакладніў: «Такія, такія. Трэба маю бабулю звадзіць і запытаць, ці не іх унукі гэта паляць».

Пётр Пятроўскі вядомы радыкальна левымі поглядамі, ён часта выступае ў разнастайных шоу на дзяржаўных тэлеканалах, дзе агітуе за саюз з Расеяй, настальгуе па савецкім мінулым і марыць пра «Вялікую Еўразію». Ён аўтар тэкстаў на шэрагу малавядомых прарасейскіх інтэрнэт-рэсурсаў.

ЗМ belsat.eu

Стужка навінаў