Прадстаўніца брытанскіх еўраскептыкаў: Пуцін меў абсалютную рацыю


Менш чым праз тры тыдні брытанцы адкажуць на пытанне: «Ці павінна Вялікая Брытанія застацца ў Еўрапейскім Звязе?». Наш журналіст сустрэўся з еўрадэпутаткаю Джэніс Эткінсан – адною з галоўных брытанскіх еўраскептыкаў.

– Спадарыня Джэніс, размаўляем пра «брэкзіт» – магчымы выхад Вялікай Брытаніі са складу ЕЗ… Дык скажыце: «Аб’яднанае Каралеўства мусіць разжаніцца ці надалей жыць у адной сям’і з Бруселем? Брытанцы, наколькі мы ведаем, падзеленыя напалову ў гэтым пытанні…

– Мы не можам «разжаніцца», бо мы і не жывем у адной еўрапейскай сям’і, насамрэч. Мы мусім памятаць, што Еўрапейскі Звяз – не сінонім Еўропы. Мы, у любым выпадку, працягнем гандляваць адно з адным, сябраваць адно з адным, суіснаваць як партнёры. Французы будуць працягваць пастаўляць нам сваё віно і сыр, аказваць фінансавыя паслугі, а таксама забяспечваць нас сваёй ядраваю энергіяй… І Нямеччына захоча працягваць з намі гандаль сваймі таварамі, і Нідэрланды таксама… То бок мы не намагаемся збегчы з Еўропы, мы ўсяго толькі хочам застацца ў адкрытым гандлёвым партнёрстве.

– Калі Вялікая Брытанія далучылася да Еўрапейскага Звязу – у Лондане меркавалі, што быць у Аб’яднанай Еўропе выгадна ці не так? А чаму цяпер зрабілася нявыгадна?

– 40 гадоў таму, калі Вялікая Брытанія стала чальцом Еўразвязу, яна нагадвала нейкі такі кошык-кейс Еўропы, краінаю фактычна правілі прафзвязы, рост эканомікі быў нязначны, а ВУП вельмі малы, нашая эканоміка была ў стане крызісу. І было лагічна, каб палепшыць сітуацыю, далучыцца да агульнага рынку. І мы далучыліся да яго, не намагаючыся, шчыра кажучы, уступіць у палітычны звяз. Такая рэалія з’явілася нашмат пазней. І грамадзяне Вялікай Брытаніі былі фактычна падманутыя. Моцна падманутыя, што самае крыўднае, кансерватыўным урадам.

Я цягам доўгага часу была чальцом Кансерватыўнай партыі, чый лідар Маргарэт Тэтчэр заўсёды была маім кумірам, маёй гераіняй.

Урад хлусіў сваім грамадзянам, хаваючы праўду пра тое, пра што ён тады ведаў, – пра існаванне палітычнай кіроўнай структуры ўБруселі і пра тое, што справа датычыць не толькі гандлю.

Калі б Еўразвяз кранаў выключна гандаль, мы б нічога не мелі супраць, ну, а калі 75 % законаў, паводле якіх мы жывем, пішуцца ў Бруселі камісарамі, якіх ніхто не абіраў, прабачце, на такое брытанцы не падпісваліся і мы не можам больш цярпець гэтага.

Вялікая Брытанія, Еўразвяз і мігранты

– У Беларусі шмат хто думае, што, чым больш праблемаў у ЕЗ – такіх, як «брэкзіт», хвалі мігрантаў, тым менш увагі надзяляецца Беларусі ці Украіне. Наколькі агрэсія Расеі на ўсходзе Украіны і праблемы з адсутнасцю дэмакратыі ды свабоды ў Беларусі ўсё ж важныя? Што Вы пра гэта думаеце?

– Гэтае месца, гэты так званы афіцыйны Брусель наагул не мае аніякага права ўмешвацца ў чужыя праблемы, у яго няма мандату міністэрыі замежных справаў. Можаце ўявіць сябе сітуацыю, калі Беларусі, напрыклад, загадваюць гандляваць толькі з пэўнымі краінамі, прымушаюць мець пэўны ўзровень дэмакратыі, які прызнаюць толькі тут, пры гэтым асабліва не слухаючы вашага меркавання, наўрад ці беларусам такое б спадабалася. Не падабаецца гэта цяпер і шмат якім еўрапейцам, мы гаворым гэтаму: не!..

Дэбаты пра міграцыю вельмі важныя, але мы хочам мець права выбіраць людзей, якія прыедуць жыць у нашую краіну. На гэты момант у нашых руках няма аніякага кантролю над памяншэннем колькасці з людзей з нізкімі заробкамі і тых, хто, на жаль, згубіў працу, і некаторыя з прычыны фіяска еўразоны. 50 % маладых людзей беспрацоўныя ў Іспаніі, Італіі ды Грэцыі… А што ўжо рабіць з тымі, хто прыбывае і прыбывае на Туманны Альбіён?

У нас шмат праблемаў з прадстаўнікамі Усходняй Еўропы: яны зарабляюць вельмі і вельмі мала (на дзень у нас усталяваны мінімальны заробак па 7 фунтаў за гадзіну), усходнееўрапейцы зарабляюць нашмат меней, але яны ўсё роўна лічаць свае заробкі прывабнымі…

Калі вы жывяце ў Румыніі ці Беларусі, то, вядома, вы б, магчыма, хацелі прыехаць у маю краіну, бо будзеце мець лепшыя працоўныя магчымасці. Калі вам не дастаткова на арэнду дому, дзяржава дадасць вам патрэбныя грошы, калі ў вас ёсць дзеці, то вы атрымаеце фінансавую дапамогу на дзяцей – на кожнага 120 фунтаў на месяц. І гэтыя грошы, якія зарабляюць і атрымліваюць усходнееўрапейцы, адпраўляюцца ўрэшце ў краіны іхнага паходжання. І ў выніку ў самой Брытаніі пачынае бракаваць грошай на тое, каб гэтая сістэма працавала, каб забяспечыць вяртанне грошай брытанскіх падаткаплатнікаў, якія фактычна субсідуюць мігрантаў…

Але я не супраць мігрантаў, зразумейце мяне правільна! Я б з радасцю вітала ў нас і беларусаў, і людзей з іншых краінаў, але толькі тых, хто нам патрэбны. Хто патрэбны нашай эканоміцы, пакіньце нам права выбару! Нам, напрыклад, патрэбныя цяпер адмыслоўцы ў ядравай энергетыцы, навукоўцы ў гэтай сферы, бо нашая ўласная сістэма адукацыі іх не рыхтуе. Мы наймаем з навукоўцаў-ядравікоў з Кітаю, з Францыі, а таксама шмат ІТ-адмыслоўцаў, праграмістаў з Індыі…

«Зрынаць Януковіча было няправільна»

– Расея анексавала Крым. Ва ўсходняй частцы Украіны – узброены канфлікт. Як Вы ставіцеся да змены межаў у Еўропе сілаю?

– Гэтая справа – чыста ўкраінская, і яе трэба ўкраінцам абмяркоўваць разам з жыхарамі Крыму з Пуціным. У тым, што датычыць сітуацыі ва Украіне, то мы паўтара года таму сталі сведкамі прыходу да ўлады там праз выбары новых людзей, але колькі крыві было праліта перад гэтым…

Глядзіце таксама: Як пачыналася акупацыя Крыму. Першыя відэа з яшчэ «невядомымі людзьмі са зброяй» (+ рэпартаж «Белсату»)

Мы адсюль, з Бруселю, дагэтуль падтрымліваем цяпер шмат ініцыятываў ва Украіне, падтрымліваем моладзь – і тых, хто за Еўразвяз, і тых, хто хоча, каб іхная краіна заставалася пад уплывам Расейскай Федэрацыі. Але тое, што адбылося, гэта жах.

Дэмакратычна абранага прэзідэнта Украіны Януковіча зрынулі гвалтоўным шляхам. І гэта няправільна!

І няправільна тое, што адбылося гэта фактычна са згоды Бруселю, які не мае на гэта юрысдыкцыі. Што наконт Крыму? Калі Пуцін сказаў, што гэтае пытанне па-за дыскусіяй, што не хоча гэтага абмяркоўваць і кропка. Мы мусім паважаць і гэтую пазіцыю. Тым больш, што жыхары Крыму прагаласавалі за тое, каб паўвыспа была часткаю Расейскай Федэрацыі.

– Цяпер НАТО ўзмацняе свой усходні фланг – плануе размясціць у Польшчы ды балтыйскіх дзяржавах дадатковыя шматнацыянальныя вайсковыя сілы. Гэта рэакцыя на агрэсіўныя дзеянні Расеі ці не?

– Вось так працуе геапалітыка, усё проста: еўрапейскія краіны падпісаліся, каб быць чальцамі НАТО, дык цяпер танчыце пад дудку Вашынгтону. А Вашынгтон і кажа: гэта вось нашая Зямля, трымайце кантроль за ёй. Пуцін меў абсалютную рацыю, калі сказаў, што, маўляў, гэта – нашыя межы, і мы мусім абараніць нашыя межы. На гэты момант ідзе своеасаблівы абмен «уколамі» і пагрозамі, прычым першынства ў гэтым спаборніцтве – за НАТО. У гэтай вельмі небяспечнай гульні!

Гутарыў Алесь Сіліч, belsat.eu

Стужка навінаў