47 грузавікоў з 300 тонаў лекаў, тэстаў, рэспіратараў прыедуць у Беларусь 5 чэрвеня, паведамляе прэс-служба польскай амбасады.
Сёння 4 чэрвеня з Польшчы ў Беларусь адправілася другая партыя гуманітарнай дапамогі для барацьбы з пандэміяй. Ужо 5 чэрвеня яны прыбудуць на Гарадзеншчыну і ў Менск. Грузавікі вязуць 1000 кубічных метраў грузу з маскамі, лекамі, тэстамі на каронавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты ШВЛ.
«Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, якая накіроўваецца ў Беларусь. З беларусамі нас яднае не толькі агульная мяжа. Гэта і агульная гісторыя, суседства, якое на працягу стагоддзяў спрыяе развіццю стасункаў, рэалізацыі праектаў і ўмацаванню супрацы», – падкрэсліў пры адпраўленні грузу з Варшавы дзяржаўны сакратар Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык.
Ён падкрэсліў, што гэта найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы. Яна будзе накіраваная для тых, хто мае найбольшую патрэбу. У Менску груз мусіць апынуцца каля 14:00, дзе яго сустрэнуць прадстаўнікі Мінздароўя, МЗС і амбасады Польшчы.
Першая партыя гуманітарнай дапамогі Польшчы ў Беларусь адправілася 24 красавіка.
КТ belsat.eu