Піяршчык Сяргея Лазарава грае ў беларускім гурце

Гурт «Parade of Planets» – францускамоўная каманда з Менску, чые першыя песні імгненна сталі радыёгітамі.

«Parade of Planets» быў заснаваны ў 2017 годзе спявачкай Юліяй Багаслаўскай. У якасці музыкі і музычнага прадзюсара яна запрасіла свайго сябра Міхаіла Канаша, з якім яна вучылася ў школе.

Акрамя свайго гурта Міхаіл займаецца прасоўваннем у інтэрнэце папулярнага расейскага спевака Сяргея Лазарава.

«Я бачу, колькі выдаткоўваецца на вялікія праекты для суперзорак, мы, канечне, не можам такога бюджэту выдаткаваць. Але, вядома, усе схемы і свае ўменні я прымяняю для таго, каб прасоўваць і нас», – запэўнівае Міхаіл.

Калі Міхаіл трапіў у каманду Сяргея Лазарава, ён не казаў, што піша музыку і займаецца музычным прадзюсаваннем. Пасля таго, як «Parade of Planets» выпусцілі свой гіт «Où est ton amour», музыка атрымаў ад Лазарава паведамленне: «Паслухаў твой новы сінгл – вельмі крута!»

«Для мяне гэта было вельмі нечакана!» – згадвае Міхаіл.

Не толькі Лазараў у захапленні ад музыкі гурта. Песня «Où est ton amour» сабрала больш за 1 мільён праслухоўванняў на музычных пляцоўках. А ў інтэрнэце людзі ўражаныя, што беларускі гурт робіць такую стылёвую музыку, якая гучаннем не саступае замежным праектам.

Паслухаць «Parade of Planets» і даведацца больш пра гурт можна ў прэм’ерным выданні «Belsat Music Live» (відэа вышэй).

Глядзіце Belsat Music Live кожную суботу а 20:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. Падпісвайцеся на наш YouTube-канал «Белсат Музыка».

Hавiны