Пісьменніца з Воршы за свае грошы павесіла на хату шыльду па-беларуску


Пісьменніца Паліна Сцепаненка з шыльдай. Фота – радыё «Свабода»

Жанчына жыве на вуліцы Караткевіча – і гэта першая тут беларускамоўная шыльда.

Цяперашняя вуліца Караткевіча ў Воршы пры жыцці пісьменніка мела назву Касманаўтаў. Пасля перайменавання на доме № 19 усцяж вісела шыльда са старой назвай. Пісьменніца Паліна Сцепаненка, якая цяпер тут жыве, самастойна замяніла яе на новую, падае радыё «Свабода».

«У горадзе шыльды спрэс расейскамоўныя. І аршанская структура Таварыства беларускай мовы выступіла з ініцыятывай, каб жыхары прыватных дамоў вывешвалі на іх шыльды па-беларуску, у каго ёсць такая магчымасць. Я нарадзілася ў Воршы, на зямлі Уладзімера Караткевіча, і вырашыла першай падтрымаць гэтую прапанову напярэдадні ягоных угодкаў».

Старую шыльду аддалі ў аршанскі музей Уладзімера Караткевіча.

Шыльда – першая беларускамоўная на вуліцы Караткевіча ў Воршы. Фота – радыё «Свабода»

26 лістапада спаўняецца 88 гадоў з дня нараджэння творцы. Сёння жыхары Воршы ўсклалі кветкі да барэльефу, які знаходзіцца на адным з дамоў на вуліцы ягонага імя, а таксама да помніку, які стаіць у гарадскім парку.

На малой радзіме Караткевіча ягоны дзень нараджэння даўно стаў нефармальным гарадскім святам.

ДД

Стужка навінаў