Паўла Севярынца вызваляць з Акрэсціна толькі пасля выбараў

Апазіцыйны палітык Павел Севярынец выйдзе на волю не раней, чым 21 жніўня. Пра гэта паведаміў радыё «Свабода» актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка.

Анархіст раніцай 25 ліпеня выйшаў з ізалятара на Акрэсціна, дзе адбываў 15 сутак арышту. Праз яго палітвязень Севярынец перадаў, калі яго вызваляць: хутчэй за ўсё, 21 жніўня а 16:00 гадзіне.

Некалькі дзён Зміцер Паліенка сядзеў у карцары побач з карцарам, дзе знаходзіўся Павал Севярынец. Яны перагаворваліся праз сцяну, распавёў Свабодзе Паліенка.

«Павал трымаецца, перадаваў усім прывітанне і словы «Жыве Беларусь«. Сказаў, што вызваліць яго мусяць 21 жніўня а 16-й гадзіне. Пра сябе перадаваў, што пачуваецца нармальна», – распавёў Паліенка.

Паўла Севярынца сёння не вызвалілі з Акрэсціна – ён правёў за кратамі 1,5 месяца. СТРЫМ

22 ліпеня чакалася, што палітык Павел Севярынец мусіў выйсці на свабоду, аднак яго не выпусцілі. Сустаршыня БХД знаходзіўся за кратамі з 7 чэрвеня. З гэтага часу яму ўжо некалькі разоў дадавалі новыя адміністратыўныя арышты.

МГ belsat.eu

Hавiны