«Пасля Італіі каранцін на радзіме – у задавальненне»: «Белавія» выканала першы за месяц рэйс з Рыму


З пачатка сакавіка самалёты беларускай авіякампаніі не лёталі ў Рым і Мілан. Цяпер «Белавія» часткова ўзнавіла рэйсы ў італійскім накірунку. Першы лятак прызямліўся ўчора ў нацыянальным аэрапорту і прывёз, акрамя беларусаў, нямала ўкраінцаў і расейцаў, што не могуць трапіць дадому. Belsat.eu сустракаў пасажыраў.

Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ля выхаду 1-2 амаль няма тых, хто сустракае пасажыраў, затое багата таксістаў, што адразу кожнаму прапаноўваюць везці да ўкраінскай і расейскай межаў. Яно і зразумела: з дзвярэй аэрапорту выходзіць нямала замежнікаў. Украінец Уладзімір з дачкой Багданай мусілі прыляцець у Кіеў яшчэ 15 сакавіка. Але ў выніку: тры адмененыя рэйсы і месяц строгага каранціну на поўдні Італіі.

«Украіна пра нас забыла, добра, што браты-беларусы нам дапамагаюць вярнуцца. Зараз будзем спрабаваць замовіць таксоўку да мяжы», – кажа Уладзімір. Побач таксісты агучваюць вельмі гнуткія расцэнкі да пункта пропуску Новая Гута: у кагосьці 50 еўра за чалавека, у кагосьці – 200 рублёў у незалежнасці ад колькасці людзей.

Уладзімір з дачкой Багданай.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З самалёту пасажыраў выпускалі па некалькі чалавек, унутры правяралі тэмпературу, у каго яна была павышаная – адводзілі ў бок. Усе пасажыры здавалі мазкі на каронавірус і запаўнялі паперы з патрабаваннем аб двухтыднёвай самаізаляцыі. Беларуску Святлану Караду такая перспектыва зусім не напалохала. Жанчына з двума дзецьмі была на каранціне з 9 сакавіка.

Святлана Карада з дзецьмі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы былі на каранціне паўтары месяцы на чужыне, таму нам 14 дзён прасядзець на радзіме – у задавальненне. Горш, чым я бачыла, ужо не будзе. Мы нават у краму не выходзілі, карысталіся дастаўкай або суседзі дапамагалі. Вельмі страшна, бо разумееш, што ты не абаронены: зуб баліць – і будзеш лекаваць яго дома народнымі сродкамі», – кажа жанчына.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана пераехала ў Італію два гады таму і мела сваю невялічкую справу: працавала масажысткай у рэгіёне Ламбардзія (рэгіён з найбольшай колькасцю хворых). Але праз эпідэмію страціла і працу, і шлюб.

«Будзем разводзіцца з італійскім мужам. Як кажуць: сябар пазнаецца ў бядзе. У маім выпадку муж пазнаецца ў бядзе». Цяпер жанчына назаўсёды вярнулася ў Менск і з палёгкай і радасцю кажа, што радзіма ёй надасць сілаў перажыць смутныя часы.

Таксісты ў Нацыянальным аэрапорце.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Усе пасажыры выходзяць у масках, хтосьці яшчэ і ў пальчатках. Музыкантка з Расеі Таццяна спадзявалася ў Італіі запісаць праект, але з-за немажлівасці перасоўвацца па краіне, вымушана была чакаць. Пакуль чакала, пачала сканчацца віза.

«Я пакінула ў МЗС заяўку на зварот і мусіў быў самалёт 15-га. Я на яго не трапляла, але і яго адмянілі. Што рабіць няясна: расейская амбасада маўчыць. Добра, што ў Менску маю асобнае жытло, таму змагу перасядзець тут 14 дзён», – кажа дзяўчына.

Таццяна з Расеі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Аэрапортныя таксісты, у якіх значна скараціўся аб’ём працы з-за адмены рэйсаў, адразу акружаюць тых, хто прыляцеў. З небывалымі коштамі: 60 рублёў да цэнтру сталіцы і нават 130 рублёў.

«Гэта ж вам не нейкае там YandexTaxi, паедзеце з камфортам, у мяне машына бізнес-класа», – каментуе свае расцэнкі адзін з таксістаў.

Кошт афіцыйнага трансферу ад аэрапорту да любой кропкі Менску – ад 40 рублёў.

Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наста Кахановіч Belsat.eu

Стужка навінаў