Парламенцкія выбары пройдуць за адзін тур


Пра гэта 20 красавіка паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Парламенцкія выбары, якія павінны адбыцца не пазней за 11 верасня, упершыню пройдуць за адзін тур «не толькі фактычна, але і гіпатэтычна ды юрыдычна», патлумачыла Лідзія Ярмошына.

«Сённяшняе заканадаўства не прадугледжвае двух тураў галасавання пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пры вызначэнні пераможцы дзейнічае не прынцып абсалютнай большасці, калі перамагае той, хто набраў больш за 50 % плюс адзін голас выбарцаў, а той, хто набраў на адзін голас больш, чымся канкурэнт», – сказала кіраўніца Цэнтрвыбаркаму.

Яшчэ адным новаўвядзеннем на будучых парламенцкіх выбарах стане правіла балатавання толькі ў адной выбарчай акрузе.

«Менавіта праз непрыстойныя паводзіны апазіцыі на выбарах 2012 года было ўведзенае правіла, у адпаведнасці з якім давераная асоба не можа быць адначасова і кандыдатам у дэпутаты», – заявіла Ярмошына.

Паводле кіраўніцы ЦВК, у гэтым годзе не будзе дзяржаўнага фінансавання агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты. таксама Лідзія Ярмошына адзначыла, што Беларусь мае арыентавацца на выбарчыя сістэмы краінаў Скандынавіі.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў