Узброеныя Сілы Украіны атрымалі новыя радыёлакацыйныя станцыі (РЛС), якія павінны закрыць неба ад варожай авіяцыі, паведаміў у сваім Facebook прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка.
На апублікаваным відэа бачна, што баявая машыны выкарыстоўваюць спецыялізаваныя колавыя шасі Менскага заводу колавых цягачоў «Волат».
Машыны, якія перадаваліся арміі з удзелам самога прэзідэнта, былі распрацаваныя на навукова-вытворчым комплексе «Іскра», якое знаходзіцца ў Запарожжы і спецыялізуецца на радыёэлектроннай тэхніцы.
Аднак, хоць прэзідэнт Украіны адзначыў, што вырабы «базуюцца на выкарыстанні айчынных камплектуючых, у роліку была паказана, што як мінімум адна машына стаіць на беларускім шасі «Волат».
Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь адмаўляе наяўнасць ваенна-тэхнічнай супрацы з Кіевам.
«З Украінай у нас узаемадзеянне ў дадзенай вобласці скарочана, не рэалізуецца», – заявіў на пачатку 2018 года старшыня ДВПК Алег Дзвігалёў.
У той жа час шэраг беларускіх і ўкраінскіх экспертаў лічаць, што, хоць Беларусь не пастаўляе Украіне ўласна смяротнай зброі, з пачатку вайны на Данбасе праз беларуска-украінскую мяжу ідуць вялікія пастаўкі тэхнікі падвойнага прызначэння, у тым ліку аўтамабіляў МАЗ высокай праходнасці, а таксама аптычных прыцэлаў беларускай вытворчасці, цеплавізараў, прыладаў начнога бачання. Былі неафіцыйныя паведамленні таксама пра рамонт некаторай пашкоджанай украінскай баявой тэхнікі ў Беларусі.
Беларусь, у сферы эканомікі вельмі залежная ад расейскага рынку, Расея, якая падтрымлівае антыўкраінскіх баевікоў на Данбасе, таксама з’яўляецца галоўным замоўцам прадукцыі таго ж Менскага заводу колавых цягачоў.
Мабільны радыёлакатар 3D-агляду тыпу 80К6 пачалі распрацоўваць задоўга да вайны на Данбасе. РЛС знаходзіць і суправаджае паветраныя абʼекты на адлегласці да 400 км.
Відэа з Facebook-акаўнта Пятро Парашэнкі. Лагатып МЗКЦ бачны на 40 секундзе
Прыкладна ў 2011 годзе ўкраінская РЛС зацікавіла Азербайджан, прычым Баку прапанавала паставіць РЛС на беларускія колы як раз ад »Волата«. 80К6К1В – найноўшая мадыфікацыя сучаснай баявой машыны.
Гэта не першы раз, калі менавіта Азербайджан, які зарабляе вялікія грошы на гандлі нафтай і знаходзіцца ў ваенна-палітычным канфлікце з Арменіяй, робіцца спонсарам той ці іншай ваенна-тэхнічнай праграмы з беларускім удзелам.
З вялікай верагоднасцю Баку стаў адным са спонсараў распрацоўкі (і першым экспартным пакупніком) беларускай высокадакладнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», якія могуць зраўняць шанцы азербайджанскай арміі ў магчымым агнявым супрацьстаянні з аператыўна-тактычнымі ракетнымі комплексамі «Іскандэр-Э», якія Масква раней паставіла Арменіі.
«Волат» – гандлёвая марка Менскага заводу колавых цягачоў, прадпрыемства з унікальным досведам і тэхналогіямі на постсавецкай прасторы. З гэтай прычыны шматлікія ўзоры найноўшай расейскай баявой тэхнікі, як і ў савецкія часы, выкарыстоўваюць шасі МЗКЦ. Машыны МЗКЦ вазілі і возяць, напрыклад, расейскія міжкантынентальныя ядравыя ракеты.
Масква нават спрабавала набыць такі важны для яе завод у 2012-2013 гадах, прычым спрабавала выкручваць рукі беларусам негалоснай забаронай на закуп прадукцыі МЗКЦ. Замест іх усходні сусед пагражаў пачаць выкарыстоўваць шасі вытворчасці КамАза і УралАЗа.
Аднак беларускі тэхналагічны скарб гэтак і не трапіў у чужыя рукі, заводы Масковы гэтак і не змаглі пакуль стварыць канкурэнтаў шасі МЗКЦ, таму для новых ракет і баявых сістэм расейцам зноў спатрэбіліся якасныя спецыялізаваныя беларускія платформы.
Зараз шасі МЗКЦ выкарыстоўваюць расейскія АТРК «Іскандэр», берагавыя ракетныя комплексы »Бал« і »Бастыён«, кантэйнерныя ракетныя комплексы Club-M, зенітна-ракетныя комплексы С-400 і С-500, ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння «Топаль-М».
У параўнанні з гусенічнымі шасі колавая база МЗКЦ патрабуе ў разы меншую колькасць паліва, вялікі рэсурс да капітальнага рамонту і не псуе дарогі. МЗКЦ распрацаваў таксама першы ў гісторыі беларускі БТР «Умка», які з-за дэфіцыту сродкаў не быў створаны ў метале.
Аляксандр Гелагаеў