Парад у Маскве. Паказваць няма чаго


Традыцыя праводзіць урачыстыя паказы вайсковае тэхнікі ў той ці іншай форме існуе хіба ўва ўсіх краінах свету. Але кожная дзяржава ўкладае ў парад свой мэсідж. Для адных гэта дэманстрацыя традыцыяў, для іншых мінімальнай абароназдольнасці, для трэціх сваёй магутнасці. Ігар Кулей разбіраўся, чым Масква хвалілася на парадзе 9 траўня і, яшчэ больш важна, чаго там так і не паказала.

У адрозненне ад заходніх краінаў, якія любяць рабіць эфектныя прэзентацыі найноўшых распрацовак для прэсы, для Савецкага Саюзу, а пазней і Расеі парад заўсёды быў ледзь не адзінаю пляцоўкай, каб паказаць сваю датуль сакрэтную зброю. Сёлетні парад 9 траўня не стаўся выключэннем.

Першымі на Чырвоную плошчу выехалі БМП на гусенічнай платформе «Курганец-25», танкі Т-14 «Армата» і БМПТ «Тэрмінатар». Калі прааналізаваць заявы крамлёўскіх чыноўнікаў, то ўсе тры ўзоры тэхнікі хранічна цярпяць на зрывы тэрмінаў паставак і выпрабаванняў. Але ёсць і іншая версія.

«Спяшацца нікуды не трэба, вайны няма. Мы апярэдзілі ўвесь свет з «Арматай», ні ў каго такога танку няма, а ў нас ёсць. Што нам цяпер яго на продаж гнаць? Не, не трэба, нам ёсць што прадаваць. Т-72, Т-90 – на гэтыя чарга стаіць набываць», – каментуе Віктар Літоўкін, кіраўнік рэдакцыі вайсковае інфармацыі «ИТАР-ТАСС», Расея.

Але вось цытата, з 2015 года, генеральнага дырэктара «Уралвагоназаводу», на якім робяць «Армату».

«На платформе «Арматы» зацвердзілі ў тым ліку ў праграме ўзбраенняў 2300 адзінак да 2020 г., думаю, гэтыя аб’ёмы будуць карэктавацца. 2300 танкаў застанецца, але тэрмін перасунецца бліжэй 2025 года», – распавядае Алег Сіенка, генеральны дырэктар «Уралвагоназаводу».

На двары 2018-ты, а з заводу выехала некалькі дзясяткаў «Арматаў». Вайсковы аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін мае сваё тлумачэнне.

«Гэта фінансы, грошы. Эканоміка Расеі не расце, чыноўнікі кажуць, што крыху павялічваецца ВУП, але незалежныя эксперты канстатуюць стагнацыю. Таму яны вымушаныя з абаронкі здымаць нейкія грошы і перакідаць на сацыяльныя праекты».

У 2016 годзе Расея выдаткавала на войска $ 70 млрд, а ў 2017-м ужо 63, на 10 % меней!

«У новай дзяржпраграме ўзбраенняў на 2018–2025 год не прысутнічаюць шматлікія, абяцаныя раней, праекты. Напрыклад, авіяносец. Не будзе чыгуначнага ядравага комплексу «Баргузін», не будзе комплексу «Рубеж», – працягвае Віктар Літоўкін.

Але вернемся да параду. Гонар расейскага авіяпраму – знішчальнік пятага пакалення Су-57. Зʼявіўся ён значна раней за «Армату». Можна было б чакаць нейкага прагрэсу ў яго вытворчасці, але самалётаў зрабілі ўсяго дзесяць. Да таго ж сёлета з праекту выйшла Індыя, якая з пачатку брала ўдзел у распрацоўцы Су-57. Прычынаю Дэлі назваў поўную неадпаведнасць расейскага самалёта стандартам пятага пакалення – ні па сэнсараў, ні рухавіка, ні па малазаўважнасці.

«Індыя палічыла, колькі спатрэбіцца часу, каб давесці гэты самалёт, і зразумела, што, нават заплаціўшы грошы, яны не могуць атрымаць гатовага прадукту. Апроч таго, расейцы не гатовыя перадаць індусам тэхналогіі», – распавядае Аляксандр Алесін.

Аднак Віктар Літоўкін з Масквы не згодны: «Каму мы збіраліся Су-57 прадаваць? Нікому! Мы рабілі яго для сябе. У іх няма грошай, плаціце 10 мільярдаў, у іх такіх грошай няма. Таму выдумляюць розныя гісторыі, маўляў, ён не адпавядае 5-му пакаленню. А які адпавядае? Амерыканскі Ф-22? Але ж вам яго не прадаюць…»

Найбольш жа цікаваю навінкай, якую паказалі 9 траўня, стаўся «гіпергукавы», як яго прэзентоўваюць публіцы, комплекс «Кінжал». Дастасаваную ракету ад вядомага «Іскандэру» прычапілі да мадэрнізаванага савецкага перахопніка МіГ-31. Толькі вось назваць яе гіпергукавой ніяк нельга. Гэта ўсё тая ж аэрабалістычная ракета, якая не мае нічога агульнага з гіпергукавым палётам у атмасферы, для якога патрэбны рухавік, заснаваны на кардынальна іншых фізічных прынцыпах.

«З усіх (расейскіх) праектаў гэта найбольш гатовы праект, найбольш блізкі да рэалізацыі. Бо ракета, якая там выкарыстоўваецца, гэта амаль ракета ад «Іскандэра», – гаворыць Аляксандр Алесін.

Зразумела, што з «Кінжалам» атрымалася не зусім так, як гэта падаваў прэзідэнт Расеі на сакавіцкай прэзентацыі. Для падмацавання ягоных словаў можна было паказаць крылатую ракету з ядравым рухавіком або тую ж ракету «Сармат», пра якія казаў Уладзімір Пуцін. Але нічога з гэтага ў парадзе не паказалі. Можа пасаромеліся, што атрымаецца як з «Кінжалам», а можа таму, што паказваць і ўвогуле няма чаго.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў