Праз 40 гадоў пасля выхаду ў свет «іконы» музыкі панк – сінглу гурта Sex Pistols «Анархія ў Абʼяднаным каралеўстве», сын менеджара таго гурта Малькольма МакЛарэна і Вівіен Ўэстўуд – Джо Корр сабраў прэс-канферэнцыю і абʼявіў:
– Я спалю вялікую калекцыю панк-мемарабіліі. Там і рэчы Джо Роттэна, і рэдкія кружэлкі, і шмат разнастайных постэраў, адзення, усяго… Агульным коштам ад 5 да 10 мільёнаў фунтаў. Не хачу прадаваць гэта на аўкцыёне, не хачу грошы ад тых продажаў аддаваць на дабрачыннасць. Бо панк памёр. І мы з маці пастанавілі зрабіць так. Прыцягнуць увагу грамадства!
Месца акцыі хавалася ў сакрэце. Урэшце, журналістаў запрасілі на лонданскі бераг Тэмзы і Джо Корр удакладніў прычыны сваёй імпрэзы:
– Напрыканцы 70-х панк даў выйсце «пакаленню без будучыні». Гэта быў шчыры і яскравы пратэст. Сёння панк ператварыўся ў атракцыён, у стыль. Яго захапілі карпарацыі. Яны зрабілі сурагат са шчырых пачуццяў. Мы больш не верым ні медыям, ні палітыкам, ні падробкам… Мы шукаем сваю праўду, – заявіў сын славутай дызайнеркі. І падпаліў панк-артэфакты.
Акцыя адбывалася пад дэвізам «Нам не патрэбная панк-настальгія»… Ну а побач, з аўтобуса, дызайнерка Вівіен Ўэстўуд зачытвала «зялёныя» заклікі ў натоўп:
– Пераключайцеся на зялёную энергетыку, – запрашала яна. – Неўзабаве, да 2100 года на забруджанай зямлі застанецца не болей за 1 мільярд чалавек, калі мы не зменім цяпер нічога.
З усяго гэтага можна зрабіць выснову: сямʼя Вівіен не мае патрэбы ў дадатковых грошах. Яны могуць дазволіць сабе паліць гістарычныя артэфакты поп-культуры.
Увечары 15 снежня а 22:10 глядзіце выданне праграмы «Відзьмо-невідзьмо» цалкам у эфіру «Белсату».
Сяргей Філімонаў, belsat.eu