Памёр вядомы блюзавы спявак Генэк Лоска


45-гадовы музыка з траўня 2018 года ляжаў паралізаваны пасля інсульту ў кватэры сваёй маці ў горадзе Белаазёрск.

Інсульт быў наступствам траўмы галавы, якую Лоска атрымаў пасля падзення з лесвіцы ў 1999 годзе. У той час Генэк перанёс некалькі аперацыяў у польскіх шпіталях. Таксама ён прайшоў вялікі курс рэабілітацыі пасля мікраінсульту ў 2016 годзе. Напачатку траўня 2018 года Лоска прыехаў з Польшчы ў родны горад, каб наведаць сваю маці, ды 5 траўня ў яго здарылася новае кровазліццё ў мозг.

Генэк Лоска. Крыніца: асабісты архіў

Генадзь Лоска нарадзіўся 8 студзеня 1975 году ў горадзе Белаазёрск Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці. У родным горадзе ён скончыў музычную школу. Сваю рок-кар’еру пачаў у Горадні, куды паступіў вучыцца ў Культпрасветвучылішча (сёння – Гарадзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Тут ён са сваім сябрам і гітарыстам Андрэем Макарэвічам стварыў хард-блюзавы гурт «SEVEN B», які за кароткі час стаў вельмі папулярны. У 1992 годзе гурт з’ездзіў на фестываль «БАСовішча», пасля якога трое музыкаў, у тым ліку і Лоска з Макарэвічам, вырашылі застацца ў Польшчы. Зараблялі грошы тым, што гралі і спявалі на вуліцах польскіх гарадоў.

Адначасова гурт паспеў запісаць некалькі альбомаў, а таксама паўдзельнічаў ва ўсіх вядомых польскіх рок-фестывалях.

Сапраўдная вядомасць прыйшла да Генэка Лоскі, калі ён перамог у першым сезоне знакамітага польскага музычнага конкурсу «X Factor».

Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом на адной з варшаўскіх музычных студыяў са сваім новым рок-блюзавым гуртом «GIENEK LOSKA BAND». Неўзабаве альбом пад назвай «Hazardzista» набыў статус залатога.

Ва Вроцлаве ў Генэка засталіся жонка і дачка, а ў Белаазёрску – маці.

АД Belsat.eu

Стужка навінаў