«Ён сябе добра адчуваў у Менску». Памёр актор Аляксей Булдакоў


Аляксей Булдакоў у 2015-м годзе. Фота – Artyom Geodakyan/TASS/Forum

Яму было 68 гадоў. Найбольш вядомая ягоная роля – генерала з «Асаблівасцяў нацыянальнага палявання». У яго была беларуская жонка, актор шмат гадоў працаваў у Менску.

Народны артыст Расеі Аляксей Булдакоў, выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Асаблівасці нацыянальнага палявання», памёр ва ўзросце 68 гадоў. Пра гэта ТАСС распавялі ў прэсавай службе Гільдыі актораў кіно Саюзу кінематаграфістаў:

«Аляксей Іванавіч Булдаков памёр, падрабязнай інфармацыі ў нас няма, ведаем толькі, што ён быў на гастролях, у яго адарваўся тромб».

Пазней сяброўка Булдакова, акторка Таццяна Руднева ўдакладніла, што артыст памёр у Манголіі.

«Аляксей Булдакоў памёр у Улан-Батары, ён паехаў туды адзначаць дзень нараджэння лепшых сяброў, – сказала яна. – Гэта адбылося сёння ў дзве гадзіны ночы, ён памёр у сне, па папярэдняй інфармацыі, адарваўся тромб».

Аляксей Булдакоў нарадзіўся 26 сакавіка 1951 года ў Алтайскім краі. Пасля сям’я пераехала ў Казахстан. У 1969 годзе скончыў маладзёжную тэатральную студыю пры Паўладарскім драматычным тэатры ім. А.П. Чэхава.

З 1969 па 1981 гады працаваў у тэатрах Паўладара, Томска, Караганды і Разані.

З 1985 да 1993 года працаваў у тэатры-студыі кінаактора пры «Беларусьфільме». Пасля пераехаў у Маскву, але працягваў супрацу з беларускімі рэжысёрамі.

«Пасля развалу СССР студыяў на плаву было ня так шмат – перш за ўсё, у Маскве, Кіеве і Менску. «Беларусьфільм» заўсёды рабіў 15 фільмаў у год – і Булдакоў добра тут сябе адчуваў. Калі ён працаваў на «Беларусьфільме», то здымаўся практычна ўва ўсіх карцінах. Да таго ж, ён быў жанаты на дачцэ зоркі беларускага кіно, [Паўла] Кармуніна, [Людміле], якая ўжо, на жаль, памерла», – распавёў «Белсату» прадзюсар гульнявых фільмаў нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў.

Між іншага, Булдакоў зайграў у беларускіх стужках «Белае адзенне», «Птушкі без гнёздаў», «Справа Лахоўскага», а таксама ў мностве беларуска-расейскіх супольных прадукцыяў.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары