Паліцыя адпусціла актывістку Pussy Riot і яе сяброў


Уначы на свабоду выйшла ўдзельніца Pussy Riot Вераніка Нікульшына, якую паліцыя затрымала 8 траўня ў Маскве і абвінаваціла ва ўжыванні наркотыкаў.

Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў удзельнік панк-гурту Pussy Riot Петр Верзілаў.

Нагадаем, на Нікульшыну склалі адміністратыўны пратакол за адмову прайсці медычны агляд на стан наркатычнага ап’янення. Паліцыянты сцвярджаюць, што 8 траўня прыйшлі дадому да сябра Нікульшынай нібыта пасля скаргі суседкі на шумную кампанію. Згодна з пратаколам, яны вырашылі затрымаць кампанію, вырашыўшы, што маладыя людзі ўжывалі наркотыкі. У пратаколе Нікульшына паказала, што не згодна з абвінавачваннем і на працягу шасці гадзінаў ёй не тлумачылі прычыну затрымання.

Таксама пратаколы былі складзеныя на чатырох сяброў удзельніцы Pussy Riot. Іх затрымалі разам з Веранікай Нікульшынай. Усе яны адмовіліся праходзіць медычны агляд на наркотыкі. Акрамя таго, раніцай 9 траўня затрымалі сяброўку Нікульшынай Аляксандру Альбаву разам з яе маладым чалавекам.

Паплечнікі Веранікі Нікульшынай па гурту «Pussy Riot» лічаць апошнія падзеі палітычным пераследам.

  • Улетку 2018 года Нікульшына разам з іншымі ўдзельнікамі Pussy Riot выбегла на футбольнае поле падчас фінальнага матчу чэмпіянату свету па футболе. За гэта яе арыштавалі на 15 сутак.
  • 16 красавіка Нікульшыну затрымалі разам з кіраўнікамі праекту «Тэатр. На Вынас» на шляху на цырымонію ўручэння прэміі «Залатая маска».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў