Уначы на свабоду выйшла ўдзельніца Pussy Riot Вераніка Нікульшына, якую паліцыя затрымала 8 траўня ў Маскве і абвінаваціла ва ўжыванні наркотыкаў.
Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў удзельнік панк-гурту Pussy Riot Петр Верзілаў.
Нагадаем, на Нікульшыну склалі адміністратыўны пратакол за адмову прайсці медычны агляд на стан наркатычнага ап’янення. Паліцыянты сцвярджаюць, што 8 траўня прыйшлі дадому да сябра Нікульшынай нібыта пасля скаргі суседкі на шумную кампанію. Згодна з пратаколам, яны вырашылі затрымаць кампанію, вырашыўшы, што маладыя людзі ўжывалі наркотыкі. У пратаколе Нікульшына паказала, што не згодна з абвінавачваннем і на працягу шасці гадзінаў ёй не тлумачылі прычыну затрымання.
Таксама пратаколы былі складзеныя на чатырох сяброў удзельніцы Pussy Riot. Іх затрымалі разам з Веранікай Нікульшынай. Усе яны адмовіліся праходзіць медычны агляд на наркотыкі. Акрамя таго, раніцай 9 траўня затрымалі сяброўку Нікульшынай Аляксандру Альбаву разам з яе маладым чалавекам.
Паплечнікі Веранікі Нікульшынай па гурту «Pussy Riot» лічаць апошнія падзеі палітычным пераследам.
ІІ belsat.eu