Паклёп пад дыктоўку. На Віцебшчыне святара вінавацяць у «распусных стасунках» з жанчынай, падключылася міліцыя


Жанчына ў царкве. Ілюстратыўнае фота ria.ru

У апошнія месяцы на Віцебшчыне разыгралася сапраўдная драма: любімага вернікамі настаяцеля царквы ў Бягомлі абвінавацілі ў «распусных стасунках» з прыхаджанкай. І яна, і сам святар, і ягоная жонка, а таксама сябры сям’і лічаць гэта паклёпам і скардзяцца на ціск з боку епархіі. А на гэтым тыдні да святара прыйшлі праваахоўнікі.

Царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Бягомлі, што на Віцебшчыне, мясцовыя вернікі збудавалі на ўласныя грошы. Калісьці на гэтым месцы стаяў храм Усіх Святых, але ад помніку архітэктуры ХІХ стагоддзя засталіся толькі руіны – у савецкія часы тут быў спіртзавод.У 2002 годзе, адразу пасля сканчэння духоўнай семінарыі, у Бягомль прыехаў служыць малады святар Валерый Цімкоў з жонкай Аленай і немаўляці-сынам. Пакуль вернікам даводзілася збірацца ў невялічкім памяшканні пры сельскім шпіталі, айцец Валерый намагаўся атрымаць дазвол на аднаўленне будынку. Аднак яго прызналі аварыйным, таму было вырашана будаваць новы.

Царква ў Бягомлі,дзе служыў айцец Валерый, фота sobory.ru

Цягам 10 гадоў людзі збіралі сродкі, а ў вольны час самі, разам з настаяцелем, капалі катлаван пад фундамент, насілі цэглу, вывазілі смецце. Полацкая епархія ў будаўніцтве ніякім чынам не ўдзельнічала і не дапамагала грашыма. Нарэшце ў мінулым лістападзе храм асвяцілі і ўрачыста адкрылі для прыхаджанаў, а айца Валерыя епархія ўзнагародзіла «за руплівую працу ў славу Царквы».

Але ўжо праз месяц прыйшла сумная навіна: святара пазбавілі сану, забараніўшы служэнне. Царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла яго ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай. Царкву, якой яшчэ нядаўна так цешыліся мясцовыя жыхары, прыхадскі савет пастанавіў зачыніць да вяртання «свайго бацюшкі» – прыняць новага яны катэгарычна адмовіліся і ўсталі на абарону айца Валерыя. У сваім звароце ў рэдакцыю belsat.eu жыхары Бягомля сцвярджаюць: святар ні ў чым не вінаваты, а царкоўны суд быў несправядлівым.

Валерый Цімкоў, фота: сайт Полацкай епархіі

Спачатку была споведзь

Усё пачалося са споведзі ў наваградскім саборы. Мужчына паскардзіўся тамтэйшаму іерэю на былую жонку, якая нібыта мае інтымную сувязь з айцом Валерыем з Бягомля. Іерэй, у сваю чаргу, нягледзячы на таямніцу споведзі, паведамляе пра гэта дабрачыннаму наваградскай епархіі протаіерэю Анатолю Герасімуку. Яны ўдвох раяць мужчыне скласці пісьмовую скаргу на айца Валерыя і перадаюць паперу свайму кіраўніку – наваградскаму архіепіскапу Гурыю. Тая самая прыхаджанка, Таццяна (імя змененае з этычных меркаванняў) даведваецца пра сітуацыю і настойліва просіць мужа адклікаць скаргу, каб не ўзводзіць паклёп на «паважанага чалавека». Аднак айцы адказваюць мужчыне: зваротнага шляху няма, дакумент ужо пайшоў па інстанцыях.

Наваградскі архіепіскап звязваецца з полацкім (яму падначалены Валерый Цімкоў) і неўзабаве ствараецца камісія для праверкі выкладзеных у скарзе звестак. Пры гэтым вядома, што Гурый адначасова займае пасаду старшыні царкоўнага суда Беларускага Экзархату. У камісію ўваходзяць чатыры чалавекі: два ад наваградскай і два ад полацкай епархіі.

У снежні гэтая камісія прыходзіць на швейную фабрыку, дзе працуе Тацяна і выклікае жанчыну на размову, якая, паводле ейных словаў, «больш нагадвала допыт». Ад Таццяны запатрабавалі напісаць распіску, што яна «адмаўляецца ад распусных стасункаў» з айцом Валерыем і яна гэта зрабіла. Адбывалася ўсё ў кабінеце дырэктара фабрыкі. Па невялікім горадзе папаўзлі чуткі.

«Святары хадзілі туды-сюды, прымушалі напісаць заяву пад дыктоўку, маўляў, я каюся ў «блудным граху». Казалі, што калі я напішу, гэта нейкім чынам выратуе айца Валерыя. Я нічога не разумела, была ў шоку, уся ў слязах… Незаўважна ўключыла аудыёзапіс на тэлефоне, потым пераслухала – яны проста ціснулі на мяне! Потым я падала тры пісьмовых абвяржэння, даводзіла, што нас звязвалі толькі сяброўскія стасункі, ён маральна дапамагаў мне як духоўнік… Але адказу на заявы не было», – гаворыць Таццяна.

Жанчына скардзіцца, што цяпер адчувае сябе вінаватай, бо «праз адзін паклёпніцкі подпіс сапсавала прыстойнаму чалавеку лёс». Яна таксама не разумее, чаму камісія не магла выклікаць яе ў царкву, а прыйшла без папярэджання на працу, у свецкую ўстанову.

Валерый Цімкоў на адкрыцці царквы ў Бягомлі, фота з сайту Полацкай епархіі

«Я губляю веру»

Стасункі Таццяны з мужам разладзіліся даўно. Паводле яе, паміж імі часта ўспыхвалі спрэчкі, муж «паводзіўся груба». Тацяна захацела падаць на развод. Знаходзячыся ў складанай жыццёвай сітуацыі, дагэтуль нерэлігійная жанчына па рэкамендацыі сваякоў звярнулася па духоўную дапамогу да айца Валерыя. Дзеля размовы ён прыехаў у Наваградак разам з жонкаю.

«Айцец Валерый заклікаў мяне падумаць і захаваць шлюб дзеля дзяцей і таму, што разводзіцца – грэх. Але я прыняла асэнсаванае рашэнне развесціся, яно ніякім чынам не звязанае з сяброўствам з айцом Валерыем. Гэта годная, шчырая асоба… Каму цяпер верыць? Я расчараваная ў Царкве, губляю веру», – разгублена кажа Тацяна.

Неўзабаве пасля інцыдэнту на працы ў Таццяны айцец Валерый паехаў па справах у Полацкую епархію. Па прыездзе яго без папярэджання выклікалі ў царкоўны суд у якасці абвінавачанага і забаранілі служэнне. Святару не дазволілі запрасіць сведкаў абароны, не паказалі матэрыялы справы. Побач знаходзілася толькі ягоная жонка Алена, якая распавяла, што ведала пра ўсе гутаркі Таццяны з айцом Валерыем, сям’я падтрымлівала з ёй сяброўскія стасункі больш за 6 гадоў. Аднак епіскап не прыняў да ўвагі словы Алены.

Нягледзячы на тое, што згодна з «Палажэннем аб царкоўным судзе», ад паседжання суда да вынясення рашэння павінна прайсці 15 дзён, ужо праз 4 гадзіны айца Валерыя пазбавілі духоўнага сану.

Ён звяртаецца да мітрапаліта Паўла з просьбаю, каб суд Беларускага Экзархату (вышэйшая інстанцыя) перагледзеў гэтае рашэнне. Прыхаджане ягонага храму пачынаюць пісаць лісты ў абарону – патрыярху Кірылу ў Маскву, мітрапаліту Паўлу і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Пад зваротам падпісаліся 900 чалавек. Экзархат дагэтуль не прызначыў дату новага паседжання. Увагу да справы таксама прыцягнулі публікацыі TUT.BY.

За айца Валерыя заступіўся дабрачыны Докшыцкай акругі, протаіерэй Георгій Мялешка – і быў пазбаўлены статусу дабрачыннага.

Закінуты храм УсіхСвятых у Бягомлі. За савецкім часам тут быў спіртзавод. Фота poshyk.info

Парада «вырошчваць капусту»

«З айцом Валерыем мы даўно працуем разам, шмат гадоў запар арганізоўвалі праваслаўныя фестывалі па ўсёй Беларусі. Я ведаю яго як адказнага, неабыякавага чалавека, вельмі актыўнага», – распавядае belsat.eu сяброўка Цімкова з Менску, Алена Яблонская.

Менавіта яе вернікі з Бягомля папрасілі напісаць ліст у рэдакцыю – Яблонская філолаг, працуе выкладчыцай у адной з менскіх навучальных установаў. Яна сцвярджае, што муж Таццяны «хацеў адпомсціць», бо тая збіралася з ім развесціся. Алена абураецца метадамі, якімі дзейнічалі царкоўнікі, фактычна аказваючы псіхалагічны ціск на Таццяну, змушаючы пісаць паклёп на Цімкова.

«Царква не мае права паступаць з людзьмі такім чынам, ціснуць на іх. Сітуацыя вельмі непрыгожая і расцягнулася ўжо на тры месяцы! Праз нейкі «глюк» у галаве былога мужа Таццяны пацярпеў годны чалавек», – кажа яна.

20 сакавіка старшыня суду БПЦ (той самы наваградскі архіепіскап Гурый) пагадзіўся сустрэцца з жонкай апальнага святара, Аленай Цімкова, якая ўзялася абараніць годнасць мужа і дамагчыся справядлівага перагляду справы. Сустрэча адбывалася на тэрыторыі Жыровіцкага манастыру.

«Старшыня суду сказаў: «Зварот у медыі быў памылкай прыхаджанаў». Ён удзяліў Алене ўсяго некалькі хвілін свайго каштоўнага часу. А напрыканцы дадаў: «Вось у бацюшкі ў гаспадарцы трактар ёсць, падараваны прыхаджанамі пры будаўніцтве храму, дык час яму сесці на трактар і заняцца вырошчваннем капусты», – гаворыцца ў лісце ад абураных вернікаў у рэдакцыю.

Сяброўка Цімкова называе такія паводзіны высокапастаўленага духавенства не іначай як «нахабствам».

Звязацца з кіраўніком Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ а. Сяргеем Лепіным нам не ўдалося. Ягоны намеснік а. Яўген Грамыка сказаў belsat.eu:

«Я не магу нічога каментаваць, бо ведаю гісторыю толькі са сродкаў масавай інфармацыі».

У Полацкай епархіі цягам двух дзён на нашы тэлефанаванні ніхто не адказаў.

Вернікі ў Бягомлі, фота dokshitsy.by

«У маёй біяграфіі будуць шукаць заганы»

Нягледзячы на ўсе забароны, айцец Валерый па-ранейшаму штодня адчыняе храм у Бягомлі. Ён стаіць не на алтары, а сярод вернікаў і чытае не літургію, а звычайныя малітвы.

«А што рабіць? Трэба годна праходзіць праз усе выпрабаванні. Раней Бягомль быў такім атэістычным краем, а цяпер у нас дружны прыход. Тут жывуць цудоўныя людзі, яны мяне вельмі падтрымліваюць. Хаця, шчыра кажучы, сітуацыя выбіла нас з каляіны. Разумееце, у мяне каханая матушка, трое дзетак… З Таццянай у нас не магло быць ніякіх стасункаў, акрамя сяброўскіх. Хачу, каб мы ўсе хутчэй забіліся на гэтую непрыгожую сітуацыю», – гаворыць святар.

25 сакавіка да айца Валерыя прыехалі некалькі міліцыянтаў, у тым ліку «высокі чын з Віцебску».

«Сказалі, што праводзіцца праверка па правапарушэнні двухгадовай даўніны… Там абсалютна побытавая справа. У маёй біяграфіі будуць шукаць заганы, а яны былі, як, зрэшты, і ва ўсіх людзей, бо мы ўсе памыляемся. Канкрэтных тлумачэнняў і дакументаў я ад праваахоўнікаў не атрымаў», – распавядае айцец Валерый.

Патлумачыць падрабязней, пра якія «заганы» і «побытавую справу» вядзецца гаворка, святар катэгарычна адмовіўся:

«Пакуль я сам не ведаю, што дакладна мне інкрымінуюць, таму не маю маральнага права каментаваць».

Што датычыць прычыны такога ціску, то айцец Валерый звязвае гэта з ягонай актыўнасцю і папулярнасцю ў рэгіёне.

«Магчыма, камусьці гэта не спадабалася і вырашылі раскруціць… Складаецца адчуванне, што хочуць прыбраць тых, хто нешта намагаецца зрабіць.

Падаецца, усе ўжо вырашылі за мяне, расставіўшы ўсе кропкі над «і» у маім жыцці. Няма выпадковасцяў, ёсць заканамернасці».

За настаяцеля храма заступілася нават раённая адміністрацыя, але пакуль справа толькі абрастае новымі акалічнасцямі. У нядзелю, 31 сакавіка, вернікі і сябры айца Валерыя збяруцца ў мясцовым клубе, каб супольна вызначыць, якім чынам дапамагчы святару вярнуцца да служэння.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары