«Падыходзілі людзі з паламанымі рукамі, прычым адразу з дзвюма». Расповед доктара, які прайшоў праз Акрэсціна


Ноччу з 11 на 12 жніўня амапаўцы жорстка затрымалі доктара Ігара Баталевіча, які ў тыя дні быў на вуліцах, каб аказаць дапамогу пацярпелым.

Лекар з Менску Ігар Баталевіч падчас жорсткіх разгонаў мітынгоўцаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў, не застаўся ўбаку ад падзеяў. Разам з сваймі калегамі ён выехаў на вуліцы Менску, каб дапамагаць пацярпелым ад гвалту. Але ў выніку яго самога схапілі сілавікі ды збілі.

Ігар Баталевіч разам з сям’ёю. Фота з сацыяльных сетак

«Мяне затрымлівалі нават некалькі разоў. Першы раз працаўнікі АМАПу схапілі мяне на перасячэнні вуліцаў Прытыцкага і Лынькова. Падставаю для затрымання стала тое, што ў нас на машыне былі намаляваныя медычныя сімвалы. Мы ездзілі па горадзе і аказвалі медычную дапамогу ўсім, каму гэта патрабавалася, незалежна ад таго, на якім баку былі пацярпелыя.

Нас загрузілі ў мікрааўтобус, у якім ляжалі некалькі пластоў чалавечых целаў, проста адзін на адным. У гэты момант мне, магчыма, пашанцавала, а магчыма, і не – гэта філасофскае пытанне. Сілавікі прыцягнулі хлопца, які скардзіўся, што не можа ісці, бо яму было кепска і моцна балела спіна. Я ўгаварыў амапаўцаў даць мне яго агледзець і пабачыў, што ў яго кулявое раненне лёгкага. Мне ўдалося яму дапамагчы. Я стабілізаваў хлопца і перадаў яго медыкам хуткай дапамогі, якіх выклікалі. Тая брыгада АМАПу пасля гэтага нас вызваліла. Не ўсіх, а мяне і кіроўцу.

Яшчэ ў аднаго з нашай кампаніі сілавікі пабачылі ў тэлефоне мэсэнджар Telegram, і яго затрымалі. Але ўжо праз 15 хвілінаў наш аўтамабіль спыніла са стрэламі іншая брыгада амапаўцаў, і там ужо ніхто нічога не слухаў. Нас даставілі на Акрэсціна, дзе мы правялі некалькі дзён. Фактычна, мяне затрымалі за аказанне медычнай дапамогі».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Ігар Баталевіч адзначае, што казаў амапаўцам навошта ён знаходзіцца на вуліцы і што ён лекар, каб дапамагаць. Але рэакцыя ў боку сілавікоў была адваротная.

«На мае словы, што я лекар, што я гатовы аказаць дапамогу кожнаму, хто яе патрабуе, АМАПаўцы рэагавалі ўдарамі. Проста ўдарамі».

Ігар кажа, што пасля сустрэчы з міліцыянтамі ў яго засталіся гематомы на спіне і твары. Пасля лютавання сілавікоў ён выйшаў амаль цэлым. Чаго нельга сказаць пра яго пацыентаў у тую ноч.

«Я ўжо казаў пра пацярпелага, які атрымаў кулявое раненне ад гумавай кулі. Мне ўдалося прасачыць далейшы лёс хлопца. Бо перад тым, як яго адвезла хутка, ён сказаў нумар свайго бацькі. Мне ўдалося патэлефанаваць яму і распавесці пра сына. А пасля вызвалення я тэлефанаваў ягонаму бацьку, які пацвердзіў, што было раненне ад гумавай кулі, але яго паспелі праапераваць у 10 шпіталі. З юнаком усё будзе ў парадку.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

На Акрэсціна мы каля шасці гадзінаў прасядзелі ў пазіцыі, калі ягадзіцы ляжаць на пятках, галава ўпіраецца ў зямлю, а рукі паднятыя ўгару за спіною. Пасля гэтага нас перавялі ва ўнутраны двор, памерам восем на восем. Тут знаходзілася каля 120 асобаў. Людзі даведваліся, што я лекар і падыходзілі да мяне. Прасілі дапамагчы. Але траўматалогія, гэта такая справа, што патрэбныя мінімальныя інструменты, напрыклад, шына, бінт. А ў мяне нічога не было. З таго, што я бачыў, да мяне падыходзілі людзі з паламанымі рукамі, прычым адразу ж двума. Адзін чалавек быў з паламанай галёнкай, малады хлопец нават маладзейшы за 20 гадоў з магчымым разрывам мачаточніка і разрывам мачавога пузыра. Былі асобы з паламанымі рэбрамі. І такіх было вельмі шмат».

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У афіцыйных паведамленнях МУС гучыць, што на вуліцах гарадоў пацярпелі і шмат міліцыянтаў. Але з сілавікамі, якія атрымалі траўмы наш суразмоўца не сутыкаўся.

«Я таксама чуў, што нібыта шмат сілавікоў атрымалі траўмы, але ніводнага пацярпела міліцыянта асабіста я не бачыў. Не ведаю, так гэта было, ці не, не буду каментаваць, магу казаць толькі за тое, што бачыў сваімі вачыма. Ніводнага пацярпелага міліцыянта я не бачыў».

«Пасля вызвалення я зафіксаваў пашкоджанні ў больніцы хуткай медычнай дапамогі. У судмедэкспертызу не звяртаўся. У мяне фактычна ўсе пашкоджанні прайшлі, слядоў амаль не засталося, акрамя аднаго месца. Магчыма, што я звярнуся ў судмедэкспертызу. Але цяпер там хіба будуць вялізныя чэргі. Таму пакуль да мяне дойдзе чарга, усе сляды знікнуць.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Нас збівалі толькі ў першую ноч пасля затрымання. Пазней мы сядзелі ў аднамеснай камеры, карцары, нас было 12 чалавек. У камеры нас не білі. Але калі пераводзілі па калідоры, былі адзінкавыя ўдары, ды і гэта проста нішто ў параўнанні з тым, што было падчас затрымання. Кармілі цягам трох дзён толькі адзін раз. Але ежа была такая, што я адмовіўся есці. Не магу я есці цвілы хлеб і вельмі незразумелую на выгляд кашу».

За час мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, паводле звестак МУС, затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Паводле афіцыйных звестак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня сілавікі затрымалі каля 3000 чалавек, у ноч з 10 на 11 – больш за 2000, у ноч з 11 на 12 – больш за 1000, і яшчэ каля 700 – у ноч з 12 на 13. Затрыманні працягваліся і пазней, але ўжо не былі такімі масавымі. На вечар 18 жніўня заставаліся 44 адміністрацыйна арыштаваных пратэстоўцы.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам.

СК belsat.eu

Стужка навінаў