Падрабязнасці справы Джона Сільвера, экстрадаванага ў Беларусь


Аўтар блогу «1863» быў затрыманы ў Расеі паўгода таму. Што блогер рабіў у Бранскай вобласці? І чаму сілавікі зацікавіліся менавіта ягоным праектам?

Стваральнік і аўтар блогу 1863х.сом Эдуард Пальчыс, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, застаецца ў адным з месцаў пазбаўлення волі на тэрыторыі Беларусі. Гэткую інфармацыю далі прадстаўнікі Рэспубліканскай Пракуратуры.

Паводле леташніх публікацыяў Пальчыса, у траўні 2015 яго затрымалі беларускія спецслужбы, пасля чаго ён месяц правёў у псіхіятрычнай лякарні, а ў кастрычніку быў вымушаны зʼехаць ва Украіну. 25 студзеня ў ягоным блогу зʼявіўся запіс аб тым, што ён затрыманы расейскімі спецслужбамі ды застаецца ў СІЗА ў Бранскай вобласці. Тады ж зʼявілася інфармацыя, што яго чакае экстрадыцыя ў Беларусь. Якім чынам малады чалавек аказаўся ў Расеі, застаецца таямніцай.

Адная з крымінальных справаў супраць блогера заведзеная паводле часткі адзін артыкулу 130: распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці з максімальным пакараннем да пяці гадоў пазбаўлення свабоды.

20 красавіка падчас круглага стала ў Менску стварылі грамадскую ініцыятыву «Свабоду Эдуарду Пальчысу». У камітэт абʼяднання ўвайшлі вядомыя палітыкі, праваабаронцы, грамадскія актывісты: Дзмітрый Дашкевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Валерый Шчукін, Павал Севярынец ды іншыя. Удзельнікі ініцыятывы рыхтавалі зварот у расейскае МУС, ды звярталіся да праваабаронцаў з Расеі.

«Тут абараняць яго будзе значна прасцей, гэта Валадарка а ў нас 20 гадоў досведу. Ну і рыхтуем акцыю падтрымкі ў чацвер а 18:00», – распавядае Павел Севярынец, сузаснавальнік партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

Блог 1863х.сом быў створаны ў верасні 2014 года. Матэрыялы, якія змяшчаліся на старонцы, былі прысвечаныя тэме расейскай экспансіі ды пагрозе імперскай палітыкі Масквы для незалежнасці Беларусі.

Ігар Кулей, Белсат

Стужка навінаў