Падлік галасоў з заранёў вядомым вынікам. «Сумленныя людзі» апублікавалі запіс размоў камісіі


Кампанія «Сумленныя людзі» апублікавала запіс размовы з аднаго з менскіх выбарчых участкаў. Фокус у тым, што чальцы выбарчых камісіяў мусяць раскласці бюлетэні на патрэбныя стосы ў адпаведнасці з заранёў падрыхтаванымі лічбамі.

Уначы 7 жніўня ў сеціве быў апублікаваны запіс размовы з аднаго з менскіх выбарчых участкаў. У ёй чутно, як чальцы выбарчых камісіяў абмяркоўваюць паміж сабой падлік галасоў. Але вынікі ўжо вядомыя заранёў.

Адна з жанчын згадвае, што гэта сустрэча-трэніроўка.

«Тыя, хто не першы год, ужо напэўна ведаюць. Усе вам ужо далі вашыя лічбы, усё ўжо вядома на гэты момант. Вы можаце іх завучыць, наколькі гэта магчыма, або нарыхтоўка… Аднак яна не мусіць быць бачная».

Далей той жа жаночы голас працягвае «рэпетыцыю». Перш-наперш трэба адрэпетаваць колькасць невыкарыстаных бюлетэняў. Іх спачатку лічаць, надразаюць вугалкі, а потым складаюць у кучкі. Далей людзі на запісу называюць свае завучаныя вынікі неывкарыстаных бюлеценяў.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Наступны этап – «падлік» сапсаваных бюлетэняў. Сапсаваныя бюлетэні складаюцца ў асобную тэчку. ДАлей паводле колькасць выбарцаў «падлічваецца» паводле спісу. І называюцца адпаведныя лічбы.

Спісы аддаюцца – ускрываецца урна датэрміновага галасавання. Ейны змест раскладаецца на сем стосаў у адпаведнасці з тымі лічбамі, якія ёсць. Далей на запісу чутно, як чальцы выбарчай камісіі называюць свае лічбы для кандыдатаў. У Лукашэнкі – вялізарная перавага (ледзь не ў 20 разоў) над астатнімі кандыдатамі.

Такія ж вынікі ва урнах надомнага галасавання. Далей – галасаванне ў асноўны дзень. Агульныя вынікі выглядаюць такім чынам:

  • Андрэй Дзмітрыеў – 64 галасы
  • Ганна Канапацкая – 16 галасоў
  • Аляксандр Лукашэнка – 952 галасы
  • Святлана Ціханоўская – 108 галасоў
  • Сяргей Чэрачэнь – 18 галасоў
  • Супраць усіх – 237 чалавек
  • Нядзейных бюлетэняў – 21
  • Агульная колькасць бюлетэняў – 2000
  • Сапсавана – 6 бюлетэняў
  • Не выкарыстана – 581 бюлетэнь
  • Агульная колькасць выбарцаў – 1413 чалавекі

Голас на запісу падкрэслівае, што гэта – закрытая інфармацыя.

«Нават самой сабе ўначы нельга прагаворваць», – кажа жанчына.

Далей яна папярэджвае, што ў горадзе можа быць не ціха. Участковым камісіям могуць не даць пакінуць памяшканне.

«Будуць развозіць адмысловыя брыгады з ГУУС, іх дваццаць. Таму калі дойдзе да нас чарга, старшыня будзе адтэлефаноўваць, каб разумець сітуацыю. То-бок яны паедуць, нас забяруць, забяруць тое, што трэба. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра».

Напрыканцы запэўніваюцца, што будзе канцэрт са спевамі і танцамі. Інтэрнэт-карыстальнікі мяркуюць, што згодна з агучанымі на запісы імёнамі дзеянне адбываецца на ўчастку № 48, які месціцца ў менскай гімназіі № 39.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Сёлетнія выбары вылучаюцца высокім узроўнем парушэнняў ужо на самым першым этапе. Шмат каго з назіральнікаў не пускаюць на ўчасткі і нават арыштоўваюць. Яўка ў афіцыйных бюлетэнях і паводле звестак назіральнікаў адрозніваецца ў некалькі разоў.

Асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі адбудзецца ўжо заўтра, 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў