«Падчас выраку людзі пачалі пляскаць у далоні». Праваабронца распавёў, як судзілі братоў Косцевых


10 студзеня Магілёўскі абласны суд на выязным паседжанні ў Чэрыкаве вынес смяротны вырак Іллі і Станіславу Косцевым за забойства настаўніцы. У каментары belsat.eu праваабаронца ПЦ «Вясна» Андрэй Палуда, які прысутнічаў на працэсе, падзяліўся сваймі ўражаннямі ад яго.

«Нашае стаўленне і нашыя ўражанні па гэтай справе моцна негатыўныя, натуральна, таму што гэта два новыя смяротныя выракі ў нашай краіне. На працэс была скіраваная ўвага не толькі шматлікіх мясцовых жыхароў, але і СМІ, у тым ліку дзяржаўных.

Гэта было звязана з тым, што на справу Косцевых звярнуў увагу прэзідэнт у інтэрв’ю «Эху Москвы». Перад паседжаннем шмат хто з прысутных казаў, што менавіта таму, хутчэй за ўсё, будзе смяротны прысуд. Нас вельмі моцна бянтэжыць такі ягоны ўплыў на рашэнні суду».

Гаворка не толькі пра гэтую справу, але, напрыклад і пра справу Грунова, якая была некалькі гадоў таму (гамельчука Аляксандра Грунова прысудзілі да расстрэлу за забойства студэнткі ў 2014 годзе – заўв. belsat.eu). Тады Вярхоўны суд адмяніў яму смяротнае пакаранне, але калі прэзідэнт пракаментаваў справу, прысуд пацвердзілі і Грунова расстралялі.

Роба, асуджанага да смяротнага пакарання. Фота – spring96.org

На пытанне, як падсудныя ўспрынялі вырак, Палуда кажа:

«Да пачатку паседжання яны, канешне, казалі, што разглядаюць розныя варыянты, але пасля, калі мы выходзілі з залы, яны проста стаялі і плакалі. Таму што ўсведамленне таго, што здарылася, часта прыходзіць позна. І да апошняга ёсць надзея, што будуць пажыццёвыя або вялікія тэрміны…

Я быў вельмі ўражаны, калі людзі ў зале суду падчас вынясення выраку пачалі пляскаць у далоні. Гэта выглядала жахліва», – дадаў Палуда.

Hавiны
Двум братам з Чэрыкава вынеслі смяротныя прысуды за забойства настаўніцы
2020.01.10 13:35

47-гадовая настаўніца з Чэрыкава Наталля Кастрыца была забітая 10 красавіка 2019 года ва ўласным доме. Па версіі дзяржабвінавачання, паміж братамі і іх былой настаўніцай быў канфлікт. У свой час жанчына распавяла праваахоўнікам, што сястра братоў не выконвае належным чынам свае бацькоўскія абавязкі – маладая жанчына знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Праз гэта сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік як якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас застолля дома пʼяныя браты ўспомнілі пра сваю непрыязнасць да суседкі – і пайшлі да яе разабрацца. Калі жанчына ўпусціла маладых людзей у дом, яны сталі збіваць яе, а потым пачалі біць нажом.

Браты забілі жанчыну, скралі ў яе кампʼютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом ахвяры, каб схаваць сляды злачынства. Паводле следства, Косцевы нанеслі настаўніцы больш за 100 нажавых раненняў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў