Двум братам з Чэрыкава вынеслі смяротныя прысуды за забойства настаўніцы

На выязным паседжанні Магілеўскага абласнога суда ў Чэрыкаве 10 студзеня суддзя Міхаіл Мельнікаў вынес смяротныя прысуды ў дачыненні двух братоў – Косцева Іллі і Косцева Станіслава. Іх абвінавачвалі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседству з імі, і падпале яе дома. Пра гэта паведамляе spring96.org.

8 студзеня пракурор Вольга Іванова запрасіла вышэйшую меру пакарання для двух братоў 1998 і 2000 гадоў нараджэння. 9 студзеня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.

Ілля і Станіслаў Косцевы. Фота belsat.eu

47-гадовая настаўніца з Чэрыкава Наталля Кастрыца была забітая 10 красавіка 2019 года ва ўласным доме. Па версіі дзяржабвінавачання, паміж братамі і іх былой настаўніцай быў канфлікт. У свой час жанчына распавяла праваахоўнікам, што сястра братоў ня выконвае належным чынам свае бацькоўскія абавязкі – маладая жанчына знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Праз гэта сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік як якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас застолля дома пʼяныя браты ўспомнілі пра сваю непрыязнасць да суседкі – і пайшлі да яе разабрацца. Калі жанчына ўпусціла маладых людзей у дом, яны сталі збіваць яе, а потым пачалі біць нажом.

У судзе Чэрыкаўскага раёну. Фота belsat.eu

Браты забілі жанчыну, скралі ў яе кампʼютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом ахвяры, каб схаваць сляды злачынства. Паводле следства, Косцевы нанеслі настаўніцы больш за 100 нажавых раненняў.

«Людзі ў зале суду падчас вынясення выраку пачалі пляскаць у далоні»

У каментары belsat.eu праваабаронца ПЦ «Вясна» Андрэй Палуда, які прысутнічаў на працэсе, падзяліўся сваймі ўражаннямі ад яго.

«Нашае стаўленне і нашыя ўражанні па гэта справе моцна негатыўныя, натуральна, таму што гэта два новыя смяротныя выракі ў нашай краіне. На працэс была скіраваная ўвага не толькі шматлікіх мясцовых жыхароў, але і СМІ, у тым ліку дзяржаўных.

Гэта было звязана з тым, што на справу Косцевых звярнуў увагу прэзідэнт у інтэрв’ю «Эху Москвы». Перад паседжаннем шмат хто з прысутных казаў, што менавіта таму, хутчэй за ўсё, будзе смяротны прысуд. Нас вельмі моцна бянтэжыць такі ягоны ўплыў на рашэнні суду».

Роба асуджанага да смяротнага пакарання. Фота – spring96.org

Гаворка не толькі пра гэтую справу, але, напрыклад і пра справу Грунова, якая была некалькі гадоў таму (гамельчука Аляксандра Грунова прысудзілі да расстрэлу за забойства студэнткі ў 2014 годзе – заўв. belsat.eu). Тады Вярхоўны суд адмяніў яму смяротнае пакаранне, але калі прэзідэнт пракаментаваў справу, прысуд пацвердзілі і Грунова расстралялі.

На пытанне, як падсудныя ўспрынялі вырак, Палуда кажа:

«Да пачатку паседжання яны, канешне, казалі, што разглядаюць розныя варыянты, але пасля, калі мы выходзілі з залы, яны проста стаялі і плакалі. Таму што ўсведамленне таго, што здарылася, часта прыходзіць позна. І да апошняга ёсць надзея, што будуць пажыццёвыя або вялікія тэрміны…

Я быў вельмі ўражаны, калі людзі ў зале суду падчас вынясення выраку пачалі пляскаць у далоні. Гэта выглядала жахліва», – дадаў Палуда.

Станіслаў Косцеў. Фота belsat.eu

На кантролі Лукашэнкі

Справа аб забойстве ў Чэрыкаве знаходзілася на кантролі Аляксандра Лукашэнкі. Пра сам кіраўнік дзяржавы распавядаў у інтэрвʼю «Эхо Москвы»:

«У нас на кантролі прэзідэнта ёсць грамадска значныя справы. Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых справаў. Вось адно з іх. Два падонка, інакш іх не назавеш – ужо і разбоі былі, і каралі іх – забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. А [настаўніца] абараніла іх і запатрабавала забраць з сямʼі. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе да раніцы дабілі».

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск. Адзінае месца ў Еўропе дзе ажыццяўляюцца смяротныя прысуды. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Праз наяўнасць смяротнага пакарання Беларусь дагэтуль не зʼяўляецца сябрам Рады Еўропы. За апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

ІІ belsat.eu

Hавiны