Пад выглядам рэканструкцыі ў Берасці знішчылі адзін з самых зялёных двароў


Больш як 50 дрэў і кустоў – павыціналі пад корань! Гэта мясцовыя ўлады ў Берасці называюць добраўпарадкаваннем.

Жыхары дому па адрасе Маскоўская 328/1 незадаволеныя, што іх двор ператварыўся ў пустэльню, але нічога рабіць не збіраюцца. Мясцовыя эколагі наагул не ў курсе. Тыпова беларуская сітуацыя?

«А што мы можам?»

Хаця ў нашай краіне і былі выпадкі, калі жыхары змагаліся за дрэвы і права дыхаць чыстым паветрам. Гэтым разам ніхто не абурыўся і нічога, каб спыніць вырубку дрэваў не рабіў. У суседнім двары шпацыруе з сабакам жанчына, кажа нам, што жыве як раз у гэтым самым доме, і вельмі незадаволеная з таго, што павыціналі дрэвы:

– А што мы можам зрабіць? У доме амаль адныя пенсіянеры жывуць, яны і на выбары датэрмінова хадзілі!

Супраць знішчэння выступаюць і двое хлопцаў, гэтак жа жыхары дому

– Хоць дуб пакінулі! – Кажуць яны ў размове з журналістамі Белсату, – калі ўвесну ўлады нічога ня зробяць, то самі дрэвы пасадзім. Вядома, час пройдзе пакуль яны зноў вырастуць. А быў адзін з самых зялёных двароў у раёне.

Працы па мадэрнізацыі двара на замову ЖРЭУ Берасця вядзе філіял «Берасцейскага гарадскога рамонтна-будаўнічага трэста» і «Берасцейскае ўпраўленне механізацыі». Але нам не ўдалося знайсці людзей, якія ўдзельнічалі ў грамадскіх абмеркаваннях датычна лёсу двара. Жыхары кажуць, што прыйшлі прадстаўнікі ЖЭСу і заявілі, што ў іх двары будзе рамонт, але ў дэталі ніхто не паглыбляўся. Прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што некаторыя жыхары двара нават пісьмова далі сваю згоду на рэканструкцыю.

Двор-пустэльня

 

Вось толькі да добраўпарадкавання будаўнічыя арганізацыі паставіліся занадта брутальна, ператварыўшы двор у пустэльню, зносячы на ​​сваім шляху ўсе дрэвы і кусты.

«Мы дзейнічаем выключна па законе, згодна з праектам і высякалі толькі тыя дрэвы і хмызнякі, якія былі ў дрэнным стане», – кажа «Белсату» адказны за правядзенне работ Аляксандр Анішчук.

Але нават няўзброеным вокам відаць, што знішчалі і здаровыя дрэвы. На гэта ніяк не адрэагавалі не толькі мясцовыя жыхары, але і прадстаўнікі экалагічных арганізацыяў гораду.

Алесь Ляўчук belsat.eu, Мілана Харытонава (фота)

Стужка навінаў