Пад украінскай Вярхоўнай Радай паліцыя знесла намётавы гарадок і затрымала больш за 100 асобаў


Стрым з месца сутычак

Абноўлена. Дарадца кіраўніка МУС Украіны Заран Шкірак заявіў, што пад Вярхоўнай Радай затрымалі 101 асобу.


У Кіеве адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і праваахоўнікамі, калі апошнія прыйшлі зносіць намётавы гарадок.

Дырэктар камунікацыі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны на сваёй старонцы ў «Facebook» патлумачыў, што паліцыя праводзіць следчыя дзеянні:

«Адпаведна да рашэння суда паліцыя праводзіць следчыя дзеянні пад Вярхоўнай Радай у межах расследавання некалькіх крымінальных справаў. Перашкоды гэтым дзеянням прыпыняюцца адпаведна да закону».

Згодна з рашэннямі суда, праваахоўнікі атрымалі дазвол на ачышчэнне тэрыторыі ад намётаў, па-другое, было даручана абшукаць гарадок ды пратэстоўцаў. Апошнія ж, у адказ на гэта, пачалі паліць шыны.

Начальнік Нацпаліцыі Кіева Андрэй Крышчэнка распавёў, што 39 асобаў затрымалі, дваіх з іх адправілі ў лякарню. Таксама, паводле яго, падчас сутычак атрымалі раненні прынамсі тры праваахоўнікі.

Намёты пад Вярхоўнай Радай з’явіліся 17 кастрычніка – пасля мітынгу, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі розных палітычных сілаў і грамадскіх арганізацыяў з патрабаваннем адмены дэпутацкай недатыкальнасці, стварэння антыкарупцыйнага суда і ўвядзення прапарцыйнай выбарчай сістэмы з адкрытымі спісамі.

НМ, belsat.eu, паводле Espreso.tv

Глядзі таксама
Каментары