Пад нагамі тонкі лёд. Што зрабіць, каб зімовая рыбалка не скончылася трагедыяй?

Першы лёд заўсёды вабіць да сябе аматараў падлёднай рыбнай лоўлі, але часам выхады на лёд заканчваюцца трагедыяй. Як слушна перамяшчацца па замерзлым вадаёме, чаму рыбакі ігнаруюць правілы бяспекі і ці можна за хаджэнне па лёдзе атрымаць штраф? Высвятляў карэспандэнт Belsat.eu.

Фота: pixabay.com

Чаму рыбакі ігнаруюць правілы бяспекі і ідуць на першы лёд?

– Першы лёд чакаем ажно з вясны! – пачынае свой расповед рыбак-аматар Алег. Яму 50 год, ходзіць на падлёдную рыбалку з самага дзяцінства. – На першы лёд выходзіць вельмі небяспечна. Гэта ведае кожны рыбак. Але такога клёву, як на «першым» і на «апошнім» лёдзе ніколі не бывае. Таму рыбакі і рызыкуюць, грае азарт.

Алег сам двойчы «ішоў пад лёд». Першы раз яго ўратаваў знаёмы, выцягнуўшы з палонкі пры дапамозе рыбацкай скрынкі са шлейкаю. Але ў аматара падлёднай рыбалкі гэты выпадак не адбіў жадання рыбачыць зімой, хоць і добра напужаў.

– Праз пару дзён пасля гэтага я купіў сабе адмысловы камбінезон для зімовай рыбалкі. Ён дзейнічае па прынцыпу паплаўка: ты проста трымаешся на паверхні палонкі і ратуешся самастойна ці чакаеш на дапамогу, – распавядае Алег. У другі раз ён праваліўся пад лёд ужо ў такім камбінезоне. І раіць кожнаму аматару падлёднай рыбалкі прыдбаць сабе падобны камбінезон.

Фота: pixabay.com

Ці штрафуюць у Беларусі за выхад на лёд?

У беларускім заканадаўстве адсутнічае пэўнае адміністратыўнае пакаранне за выхад на лёд. Аднак, згодна пунктам №50 «Правілаў аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь» ад 11 снежня 2009 года выходзіць на тонкі лёд або на лёд у перыяд раставання забараняецца. Адсочваюць таўшчыню лёду на вадаёмах супрацоўнікі рэспубліканскага таварыства ратавання на водах. Калі па іх меркаванню лёд на пэўным вадаёме не дастаткова трывалы, то хадзіць па ім забараняецца. Пра забарону выходзіць на лёд паведамляюць таблічкі, усталяваныя па перыметру вадаёма прадстаўнікамі таварыства.

– На тонкі лёд кожную вясну або на пачатку зімы абавязкова выходзяць рыбакі. Забароны на таблічках ігнаруюць, просьбы пакінуць лёд ад выратавальнікаў – таксама, – распавядае рыбак-падлёднік Вячаслаў, які ўжо больш за 30 год кожную зіму ходзіць лавіць рыбу.

 

Фота: pixabay.com

Выратавальнікі вымушаныя ісці на хітрасць – выклікаюць міліцыю. Супрацоўнікі МУС патрабуюць, каб рыбакі вярнуліся на бераг. У выпадку непадпарадкавання – штраф ад 2 да 50 базавых велічынь (ад 54 да 1350 руб.) ці адміністратыўны арышт. Гэткім чынам выратавальнікі дзейнічаюць з вясны 2013 года.

– Я некалькі разоў бачыў, як міліцыя прыязджала, але ніколі не бачыў, каб кагосьці штрафавалі. Каб пазбегнуць падобных інцыдэнтаў, заўсёды варта памятаць правілы паводзінаў на замерзлым вадаёме, – рэзюмуе Вячаслаў.

Пры гэтым сам прафесійны рыбак-падлёднік строга прытрымліваецца шэрагу правілаў – таму ніколі пад лёд і не правальваўся.

Фота: pixabay.com

Правілы бяспекі на замёрзлым вадаёме ад адмыслоўца

– спачатку пераканайцеся ў трываласці лёду. Для гэтага стукніце па ім палкай. Калі лёд атрымалася прабіць, з-пад шчыліны пайшла вада – перасоўвацца па ім забараняецца;

– выходзіць на лёд можна толькі калі ён дасягнуў таўшчыні ў 7 сантыметраў і болей;

– не выходзьце на лёд вясной, калі ён пачаў таяць, уначы і падчас завірухі;

– выходзіць на лёд у нецвярозым стане катэгарычна забараняецца;

– рухайцеся па лёдзе асцярожна, сачыце за станам паверхні: абыходзьце расколіны, мінайце месцы, дзе лёд падтаў, трымайцеся падалей ад месцаў з умёрзлаю асакою;

Фота: pixabay.com

– калі пачулі трэск лёду, спыніцеся і ідзіце назад, не адрываючы ступні ног ад паверхні вадаёму. Вяртацца трэба сваймі ж слядамі;

– не трэба коўзацца на каньках і лыжах па замерзлым вадаёме – можна не заўважыць, як лёд трэсне, а выратавацца, абутым у канькі або лыжы, вельмі складана;

– калі рухаецеся ў групе, трымайцеся адзін ад аднаго на адлегласці 5 метраў, сачыце за станам паверхні і за суседзямі.

Як падрыхтавацца да падлёднай рыбалкі?

Калі вы ўсё ж такі вырашылі палавіць рыбу зімой, варта запомніць некалькі асноўных правілаў. Набудзьце выратавальную камізэльку ды вяроўку даўжынёй каля 20 метраў. На адным канцы зрабіце пятлю, а на іншы прымацуйце груз вагою да кілаграма. Перад выхадам на лёд апраніце выратавальную камізэльку і прымацуйце да яе вяроўку. Не сядайце блізка адзін да аднаго, бо свідраваць шмат лунак на невялікай адлегласці вельмі небяспечна.

Мужчыны ловяць рыбу на рацэ Волга. Фота: Vladimir Smirnov / TASS / FORUM

Праваліўся пад лёд: як уратаваць сябе або іншага?

Калі ўсё ж такі лёд трэснуў і вы апынуліся ў вадзе, варта дзейнічаць хутка. Пятлю вяроўкі апраніце праз галаву і зацісніце на поясе. Другі канец вяроўкі, з грузам, кіньце на бераг або максімальна блізка да яго. Шырока раскіньце рукі і без рэзкіх рухаў, акуратна, паспрабуйце выбрацца з палонкі. Патрапіўшы на трывалы лёд, ні ў якім разе не ўставайце. Лежачы на спіне або жываце, трэба паўзком рухацца да берага.

Калі вы бачыце, што хтосьці праваліўся пад лёд і разумееце, ацаніце свае сілы – ці можаце вы дапамагчы чалавеку. Абавязкова выклікайце ратавальнікаў. Пры дапамозе, выкарыстоўвайце вяроўку. Калі яе няма – даўгую тоўстую палку, дошку ці хаця б рыбалоўную скрынку са шлейкаю. Ратавальнік мусіць легчы на жывот ды паўзком, без рэзкіх рухаў, наблізіцца да пацярпелага максімальна блізка, каб падаць яму падручныя сродкі. Пасля выратавання з пацярпелага трэба зняць мокрую вопратку, расцерці грудзі ды напаіць гарачым напоем, а таксама выклікаць брыгаду хуткай дапамогі.

АК Belsat.eu

Hавiны