Сяргей Князеў, кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны распавёў, што па факце смерці народнага дэпутата Дзмітрыя Тымчука распачата справа паводле артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Украіны – наўмыснае забойства. Расследаванне справы працягваецца.
Па словах начальніка Нацыянальнай паліцыі, загінулы мае агнястрэльную рану.
«Колькі было стрэлаў не магу адказаць – эксперты правяраюць. Існуе цэлы шэраг працоўных версіяў, сярод якіх можа быць няшчасны выпадак, нядбайнае апрацаванне агнястрэльнай зброі. Мы таксама разглядаем версіі крымінальнага характару. У кватэры ёсць грамадзянін, які зараз распавядае акалічнасці. Збіраюцца сведчанні суседзяў. Аглядаем, ці перасоўваліся прадметы ў кватэры», – дадаў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі.
Сяргей Князеў адзначыў, што ўся іншая інфармацыя будзе агучаная пазней, калі паліцыя завершыць агляд месца.
СК belsat.eu