NYT напісала пра карупцыю вакол АТА


За 4 гады вайны на Данбасе карупцыйны акцэнт ва Украіне перамясціўся з газавай у ваенную сферу. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле амерыканскай газеты The New York Times.

Аўтар адзначае, што з 2014 года Украіна дасягнула значнага прагрэсу ў пераадоленні карупцыі ў газавым бізнесе, які быў галоўнай крыніцай даходаў алігархаў часоў прэзідэнцтва Віктара Януковіча. Новая ўлада рэарганізавала дзяржаўную энергетычную кампанію «Нафтагаз Украіны» і скараціла залежнасць краіны ад паставак расейскага манапаліста кампаніі «Газпром», паменшыўшы колькасць карупцыйных газавых пагадненняў.

«Аднак ваенныя выдаткі адкрылі новыя перспектывы для незаконных кантрактаў, абароненых ад праверкі грыфам сакрэтнасці», – гаворыцца ў артыкуле.

З пачатку канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе выдаткі на абарону і бяспеку ва Украіне выраслі з 2,5% валавога ўнутранага прадукту да больш чым 5% ці 6 мільярдаў долараў.

«Прапускаючы такую колькасць грошай праз рукі ўкраінскіх чыноўнікаў і бізнесменаў, што часта адно і тое ж, улада стрымлівае барацьбу з карупцыяй і злоўжываннем службовым становішчам, а яны лічацца самым небяспечным ворагам Украіны», – гаворыцца ў матэрыяле.

На думку аўтара, сімвалам карупцыі ва Украіне з’яўляюцца тры вілы на паўднёвым узбярэжжы Іспаніі, якія належаць прэзідэнту Пятру Парашэнку, намесніку сакратара СНБА Алегу Гладкоўскаму і першаму намесніку парламенцкай фракцыі БПП Ігару Кананенку.

«Усе трое былі багатымі бізнесменамі, перш чым атрымаць афіцыйныя пасады, і выклікаюць падазрэнне, паколькі ўтойваюць інфармацыю аб сваіх уладаннях. Ніводны з іх не пазначыў іспанскую нерухомасць у абавязковых дэкларацыях аб актывах», – піша NYT.

Як вядома, з 50 дастаўленых на фронт аўтамабіляў Багдан-2251 25 прыйшлося рамантаваць ці вяртаць на завод. Згодна з дзяржзаказам, МАУ было перададзена 100 аўтамабіляў, у цяперашні час Узброеныя сілы прынялі толькі палову.

У Мінабароны заявілі, што далейшая вытворчасць санітарных аўтамабіляў Богдан 2251 будзе магчымай толькі пасля ліквідацыі выяўленых недахопаў тэхнічнай і медыцынскай частак. Рашэнне было прынята па выніках пасяджэння круглага стала на чале з намеснікам кіраўніка Мінабароны.

Санітарны аўтамабіль Богдан 2251 вырабляецца карпарацыяй «Богдан Мотарс». Распрацоўка аўто, як заяўлялася, вялася сумесна са спецыялістамі Мінабароны з улікам патрэбаў ваенных лекараў. Кошт аўтамабіля складаў $ 32 тыс. за адзінку.

КА, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў