Нямеччына: Адна з найвялікшых пагрозаў для Еўропы – Расея


Расея ўпершыню ўвайшла ў «Белую кнігу» нямецкага ўраду.

Нямецкі ўрад выдаў «Белую кнігу» – дакумент, які змяшчае спіс небяспек, з якімі трэба змагацца Нямеччыне. Рэйтынг пагрозаў з «Белай кнігі» перадрукаваў штодзённік «Die Welt».

Трэцім пунктам у ёй, пасля тэрарызму і кіберзлачыннасці, ідзе Расея, якая пасля падзеяў 2014 года ў Крыме і канфлікту ўва Украіне «перастала быць партнёрам».

Немцы заклапочаныя тым, што Расея ўсё больш карыстаецца «падрыўной дзейнасцю ў іншых дзяржавах» ды «гібрыднымі інструментамі для размывання мяжы паміж вайной і мірам».

«Белая кніга» сцвярджае, што гэта мае сур’ёзныя наступствы для бяспекі Нямеччыны. Асабліваю праблемаю аналітыкі называюць «выкарыстанне лічбавай сувязі з мэтай уплыву на грамадскую думку», «мэтанакіраваны кантроль дыскусіяў у сацыяльных сетках» ды «маніпуляванне інфармацыяй у медыях».

«Расея больш не партнёр, а супернік», – сцвярджаюць аўтары дакументу.

І падсумоўваюць: «Без фундаментальных зменаў курс Расеі ў бліжэйшай будучыні – выклік для бяспекі нашага кантыненту».

Сярод астатніх пагрозаў немцы адзначаюць некантраляваную міграцыю, радыкальны нацыяналізм, гонку ўзбраенняў, змены клімату ды рост насельніцтва.

Папярэдняя версія «Белай кнігі» выйшла ў 2006 годзе.

Меркаванне Ангелы Мэркель

У той жа час канцлерка Нямеччына, выступаючы 3 чэрвеня на з’ездзе сваёй партыі «Хрысціянска-дэмакратычны звяз», заявіла, што яна – прыхільніца паступовага збліжэння Расеі з Еўропай, аж да стварэння супольнай эканамічнай зоны ад Лісабону да Уладзівастоку.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў