Найбольшая небяспека для ўдзельнікаў магчымых вулічных пратэстаў пасля прэзідэнцкай кампаніі гэтага года заключаецца ў тым, што ім будуць супрацьстаяць «цітушкі», перакананы лідар стваранага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў.
Пра сваю асцярогу палітык заявіў 28 жніўня ў Менску на сумеснай прэс-канферэнцыі са старшынёй АГП Анатолем Лябедзькам, сустаршынёй аргкамітэту па стварэнні БХД Паўлам Севярынцам і экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам, паведамляюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.
«Якая найбольшая небяспека ў класічнай Плошчы, якую мы маем на ўвазе, – «цітушкі», – сказаў Някляеў. – Казакоў-разбойнікаў хопіць тут. У кожнай праваслаўнай царкве на сённяшні дзень ёсць ваенна-патрыятычныя клубы, у якіх рыхтуюць да таго, што мы мусім жыць у «расейскім свеце», а тут, маўляў, сабраліся гэтыя нацыяналісты, пятая калона, іх трэба знішчаць».
Чытайце больш >>> Някляеў: У выбарах удзельнічае не Караткевіч, а сіла, якая спрабуе ёй маніпуляваць
«Гэтых людзей збяруць і кінуць на тых людзей, якія прыйдуць дамагацца справядлівых і сумленных выбараў. І тады АМАП з дручкамі кінецца нас «абараняць». У гэтым найбольшая небяспека», – сказаў Някляеў.
Тэрмін «цітушкі» з’явіўся вясной 2013 года ва Украіне для абазначэння маладых людзей спартовага целаскладу ў цывільным адзенні, якіх улады выкарысталі для арганізацыі боек, сілавых акцый і іншых правакацыйных дзеянняў на пратэставых акцыях апазіцыі.
МЯ, паводле naviny.by