Новыя штрафы і абмежаванні: што зменіцца ў КоАП для кіроўцаў


Фота: ТК / Belsat.eu

Сёлета беларускія парламентарыі прынялі новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, паведамляе AUTO.TUT.BY. Некаторыя змены ў частцы кодэксу для кіроўцаў з’явіліся пасля выбараў і пачатку пратэстаў.

За блакаванне дарог

Зараз за блакаванне дарог суды караюць паводле крымінальнага заканадаўства. Аднак за наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод (артыкул 18.1) прапісаны штраф ад 6 да 10 базавых. Па новым КаАП за пакаранне вырасце да 50 базавых.

Такі ж штраф будзе пагражаць кіроўцам за блакаванне транспартных камунікацый там, дзе праходзяць масавыя мерапрыемствы або за стварэнне аварыйнай абстаноўкі. У дадатак за такое могуць пазбавіць правоў ад года да двух гадоў.

За падачу сігналу

У новым КаАП за сігналы кіроўцу або папярэдзяць, або дадуць штраф да 3-х базавых (артыкул 18.14.2 КаАП).

А калі нехта захоча пабібікаць у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, то можа атрымаць штраф да 10 базавых з пазбаўленнем правоў на тэрмін да года або без пазбаўлення.

Максімальныя штрафы для ліхачоў

Штраф за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 км у гадзіну і ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну не зменіцца (ад 1 да 3 базавых).

Пасля правак у КаАП наступны прамежак парушэння – ад 30 да 40 км у гадзіну. За гэта прадугледжаны штраф у 3-10 базавых. Перавышэнне хуткасці больш, чым за 40 км будзе карацца ад 8 да 12 базавымі.

Пакаранне за «пʼяную язду»

З новым КаАП зʼявіцца і сістэма градацыі апʼянення для кіроўцаў. Зараз стан алкагольнага апʼянення пачынаецца з 0,3 праміле. У будучыні калі апʼяненне будзе вышэй 0,8 праміле, то кіроўцам будзе пагражаць штраф у 200 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на 5 гадоў.

Што яшчэ чакаць кіроўцам?

Новы КаАП дае магчымасць штрафаваць кіроўцаў за перавышэнне сярэдняй хуткасці руху на пэўным участку. Калі казаць проста: адлегласць, якое праедзе машына, падзеляць на час, за якое яна яго пераадолела. Час зафіксуюць камеры. Дарэчы, цяпер пілотны праект па вымярэнні сярэдняй хуткасці (праўда, без вынясення штрафаў) праходзіць у адным са спальных раёнаў Менску.

Штрафы для тых, хто ездзіць без «автогражданкі», стануць менш. Зараз за гэта пагражае штраф ад 3 да 5 базавых, будзе – ад 1 да 3 базавых.

Знікне паняцце паўторнасці для тых, хто ставіць машыну ў неналежным месцы (зараз гэта 2 базавых). У новым КаАП парушэнне правілаў паркоўкі ўвесь час будзе абыходзіцца ў 1 базавую, калі кіроўца без падстаў зойме месца для інвалідаў – 2 базавыя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў