«Нікому не трэба мы». У інтэрнаце для састарэлых пад Стоўбцамі – выбух каронавіруса


У інтэрнаце для састарэлых пад Стоўбцамі – выбух каронавіруса.

«Нікому не трэба мы».У інтэрнаце для састарэлых пад Стоўбцамі – выбух каронавіруса.Большасць з жыхароў інтэрнату пенсійнага ўзросту і інваліды.Менавіта яны знаходзяцца ў групе рызыкі па COVID-19.Падрабязней: https://naviny.belsat.eu/news/nikomu-ne-treba-my-u-internatse-dlya-sastarelyh-pad-stoubtsami-vybuh-karonavirusa/

Opublikowany przez Белсат TV Środa, 29 kwietnia 2020

Падчас рыхтавання матэрыялу пра Радаўніцу ў Стоўбцах да нас звярнуліся некалькі жыхароў гораду з інфармацыяй, што ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў спрабуюць схаваць выбух каронавіруса. Інфармацыі пра гэта сапраўды нідзе няма, а на афіцыйным сайце дому-інтэрнату з навінаў, звязаных з эпідэміяй, толькі просьба дапамагчы інтэрнату сродкамі абароны.

Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ад Стоўбцаў да вёскі Куль, дзе размешчаны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, 46 кіламетраў. Будынак інтэрната схаваўся ў 800 метрах ад вёскі.

Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат знаходзіцца ў вёсцы Куль. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Шэры высокі плот з бетонных пліт хавае тое, што адбываецца на тэрыторыі. Залазім на ўзгорак і бачым, што ў адным з будынкаў ідзе рамонт: рабочых каля дзясятка. Пражываючых у інтэрнаце нідзе не відаць.

Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Іх тут, па інфармацыі афіцыйнага сайта, – 500 чалавек. І яшчэ 260 работнікаў. Калі інфармацыя пра ўспышку каронавіруса пацвердзіцца, у эпіцэнтры апынецца не менш за 760 чалавек. Колькі з іх пенсіянераў, якія з-за ўзросту знаходзяцца ў групе рызыкі, невядома.

У акне з’яўляецца хлопец, выглядае ў адкрытую фортку і нешта крычыць мне. Пытаюся ў адказ:

– У вас хворыя каронавірусам ёсць?

– Хапае! Яны ў іншым корпусе ляжаць, тэмпература ў многіх.

Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Многія работнікі інтэрната жывуць зусім побач. Два трохпавярховыя дамы на два падʼезды з узвышша глядзяць на інтэрнат. У дварах трохпавярховак пустата, толькі мужчына працуе ў гаражы.

Дамы, дзе жывуць супрацоўнікі псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Я нічога не ведаю асабліва. Жонка мая медсястра там, кажа, што вельмі шмат захварэўшых. Ды вы ў любы падʼезд зайдзіце, тут амаль паўсюль работнікі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У першай кватэры, дзверы якой нам адчынілі, жыве санітарка Вольга Вацлаваўна.

Вольга Вацлаваўна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Так, ёсць хворыя ў інтэрнаце, ды нават у нашым падʼездзе ў двух кватэрах ёсць работнікі з пацверджаным дыягназам. У іншых падʼездах таксама ёсць. Але мы змагаемся ў інтэрнаце, я вось толькі гадзіну таму з працы вярнулася. Я дэзынфектар: усё памыла, усе паверхні працерла. І сродкі ў нас усе ёсць. Працуем у масках і шчытах ахоўных. Але ў мяне пакуль што тэст адмоўны, іх усім работнікам робяць.

Паводле інфармацыі нашых крыніц, на днях у інтэрнат адвезлі не менш за 300 тэстаў для дыягностыкі каронавіруса.

– Вы падыміцеся вышэй, там цэлая сямʼя з станоўчым тэстам, – паказвае на другі паверх Вольга Вацлаваўна.

У кватэры на другім паверсе жывуць Жанна і Генадзь, абодва працуюць санітарамі ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

Мужчына адмаўляецца ад каментароў і закрывае дзверы са словамі «мы ў ізаляцыі», але нас спыняе яго жонка і праз слёзы просіць выслухаць, кажа, што станоўчы вынік на каронавірус у мужа, а ёй «ніхто не тэлефанаваў, напэўна, не пацвердзіўся».

Жанна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– У нас тут палова Шанхая такога ляжыць, лекара няма! Што гэта такое? Нікога няма. Можа, каго трэба ў больніцу. Нікому не трэба мы.

Жанна распавядае, што першай захварэла яна, была тэмпература і кашаль.

– Адкрылі бальнічны. Ніхто мне тэстаў не рабіў, потым зрабілі ўжо, калі пайшла гэтая эпідэмія ў нас. Зрабілі мужу тэст, потым адразу прыехалі і мне зрабілі, таму што я на бальнічным.

З крыўдай Жанна распавядае, што да іх ніхто ні разу не прыехаў, не прызначыў ніякага лячэння, а ў Генадзя да гэтага часу трымаецца тэмпература. Што адбываецца ў інтэрнаце, яны не ведаюць, таму што на працы не былі ўжо некалькі дзён.

– Я ў ізаляцыі з 22 красавіка, а муж – з нядзелі [26 красавіка. – Belsat.eu].

Яшчэ адна работніца інтэрната, якая пагадзілася пагутарыць, – Святлана. На працы жанчына не была ўжо 5 дзён з-за бальнічнага. Але ведае, што ў інтэрнаце каранцін і шмат людзей з тэмпературай.

На трэцім паверсе жыве Наталля. Яна выглядвае ў акно і распавядае, што сярод захварэўшых, сапраўды, шмат работнікаў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Мама мая ляжыць у Бараўлянах з пацверджаным COVID-19, яна таксама працуе санітаркай у інтэрнаце. А я была некалькі дзён з тэмпературай, цяпер невысокая тэмпература і мне бальнічны закрылі. На працу ў сераду пайду. Я настаўніца ў школе.

Вяртаючыся назад, праходзім праз інтэрнат. На тэрыторыі цяпер не пуста, праз браму бачым крыху больш за дзясятак чалавек. Гэта пражываючыя выйшлі на шпацыр.

Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Атрымаць каментар у дырэктара Стаўбцоўскага дома-інтэрнату Юрыя Каласоўскага не атрымалася.

– Звяртайцеся ў афіцыйныя органы, – парэкамендаваў ён.

Вера Барысевіч, намесніца старшыні Камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менскага аблвыканкаму, адмовілася каментаваць сітуацыю і павесіла слухаўку.

Ніякай афіцыйна інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Стаўбцоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, няма дагэтуль.

Алена Дубовік, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў