«Ні з адной іншаю краінаю няма такой кааперацыі». У Жытоміры распачаўся ІІ Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі


У Жытоміры праходзіць ІІ Форум рэгіёнаў Украіны ды Беларусі, дзе сабраліся сотні прадстаўнікоў бізнесу, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, дыпламаты і высокапастаўленыя чыноўнікі дзвюх краінаў, паведамляе карэспандэнтка belsat.eu.

Напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага на палях форуму адбылося восьмае паседжанне ўкраінска-беларускай Кансультатыўнай рады дзелавой супрацы.

Адкрыў паседжанне ў вялікай зале Жытомірскай абласной рады прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Украіны Генадзь Чыжыкаў. Паводле яго, летась падчас форуму беларускія і ўкраінскія кампаніі заключылі кантракты на агульную суму звыш $ 100 млн, а сёлета плануецца «павялічыць гэтую лічбу ў пяць разоў».

Падпісанне кантрактаў на Форуме рэгіёнаў у Жытоміры. Фота belsat.eu

Чыжыкаў адзначыў, што на сёлетнім форуме рэпрэзентаваныя ўсе рэгіёны Беларусі і 22 украінскія: «Мы навучыліся гандляваць, мы разумеем адно аднаго, а кіраўнікі дзяржаваў даюць нам важны знак, паставіўшы высокую планку – дасягнуць павышэння таваразвароту да $ 8 млрд бліжэйшым часам. Але яшчэ гэта пытанне і міжрэгіянальнай супрацы».

Ён таксама дадаў, што Беларусь – пяты эканамічны партнёр Украіны. Пры гэтым паводле колькасці супольных прадпрыемстваў «ні з адной іншаю краінаю няма такой кааперацыі»: «Сёння мы будзем гаварыць не пра палітыку, а пра тое, як развіваць гандлёвыя стасункі».

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч заявіў, што сёлета Кансультатыўная рада працуе ў кантэксце візіту прэзідэнтаў. «Гэта вельмі сур’ёзнае падтрыманне для развіцця нашых дзелавых праектаў».

Вялікая заля Жытомірскай абласной рады. Фота belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары