У Радзе Еўропы заклікалі не ствараць візавых абмежаванняў актывістам з Беларусі і Расеі


Камісарка Рады Еўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч заклікала краіны-чальцы арганізацыі не ўскладняць магчымасці атрымання візаў і легалізацыі для грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў з Беларусі і Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэнгенская віза.
Фота: Белсат

«У цяперашні час яны ёсць  абʼектам рэпрэсіяў і пераследу з боку сваіх урадаў, і ім патрэбнае пастаяннае падтрыманне дзяржаваў – чальцоў Рады Еўропы дзеля пераадолення рызык і праблемаў, з якімі яны сутыкаюцца, незалежна ад таго, зʼехалі яны ці засталіся ў сваіх краінах», – заявіла Міятавіч.

Паводле яе, важна, каб актывісты, якія зʼехалі з Расеі ці Беларусі ад пераследу, знайшлі «бяспеку і максімальную стабільнасць».

Пакуль жа, кажа камісарка Рады Еўропы, ускладняецца выдача візаў, у тым ліку гуманітарных – на іх уводзяць квоты, «якіх недастаткова для задавальнення патрабаванняў усіх зацікаўленых бакоў». А патрабаванне «падачы заявы [на візу. – Belsat.eu] з краіны паходжання можа аказацца невыканальным для актывістаў, якія ўжо збеглі і не могуць вярнуцца дадому».

«Некаторыя еўрапейскія краіны пачалі абмяжоўваць ці нават спынілі выдачу візаў або відаў на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі ў цэлым у адказ на ваенную агрэсію Расеі ва Украіне. Паведамляецца, што такія абмежаванні ўскладнілі выезд з краіны, у тым ліку для актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Праваабаронцы растлумачылі, што агульная забарона на турыстычныя візы для ўсіх грамадзянаў Расеі або Беларусі, нават з выключэннямі, можа мець сурʼёзныя наступствы для тых, каму неабходна хутка і незаўважна пакінуць Расею, у тым ліку для тых, хто можа зазнаць пераслед з матываў, звязаных з іх апазіцыяй вайне ва Украіне», – адзначыла Міятавіч.

Таксама яна заклікала «надаваць больш увагі падтрыманню расейскіх і беларускіх актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў, у якой яны маюць патрэбу па прыбыцці ў бяспечнае месца прызначэння ў Еўропе».

Недавер праз грамадзянства

Звяртае камісарка Рады Еўропы ўвагу і на тое, што «ў некаторых выпадках на іх уплывае недавер некаторых органаў улады і кампаніяў прыватнага сектару да кожнага, хто расеец ці беларус». У тым ліку ў пытанні рэгістрацыі праваабарончых арганізацыяў ці медыяў.

Праваабаронцы, з якімі я размаўляў, усе падкрэслівалі важнасць падтрымання тых, хто застаўся звонку, у тым ліку адвакатаў, якія прадстаўляюць затрыманых там праваабаронцаў і якія самі падвяргаюцца пераследу. Гэта праўда, што чым больш праваабаронцаў пакідаюць краіну, тым больш краіна рызыкуе далейшым адступленнем ад правоў чалавека.

Міятавіч падкрэсліла, што «дзяржавы павінны публічна прызнаць першарадную ролю грамадзянскай супольнасці ў Расеі і Беларусі ў барацьбе за правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства права ў сваіх краінах і аказваць ім пастаяннае падтрыманне ўсімі даступнымі сродкамі». Гэта, паводле яе, датычыць як тых, хто выехаў, гэтак і тых, хто застаўся на радзіме.

«Наданне праваабаронцам і актывістам грамадзянскай супольнасці стабільнага пражывання ў краінах прымання, аблягчэнне іхнай працы і наданне ім і іхным сваякам сацыяльнай дапамогі ёсць важным крокам у забеспячэнні таго, каб яны маглі аднавіць дзейнасць у бяспечных і спрыяльных умовах. Працэс рэгістрацыі іх новых юрыдычных асобаў і іх функцыянаванне, у тым ліку доступ да фінансавання, павінны быць спрошчаныя пры забеспячэнні належных гарантыяў, адаптаваных да іхнай канкрэтнай сітуацыі, уключаючы абарону персанальных звестак», – кажа камісарка ў правах чалавека.

Міятавіч адзначыла, што актывісты грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы і незалежныя журналісты з Беларусі і Расеі ёсць «натуральнымі партнёрамі Рады Еўропы, бо яны падзяляюць тыя ж каштоўнасці і мужна працягваюць працаваць дзеля правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону».

Hавiны
Кіраўнік МЗС Украіны заявіў, што супраць грамадзянаў Беларусі трэба ўвесці візавыя санкцыі
2022.08.31 12:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў