Наступны год – максімальна непрадказальны. Што здарыцца з рэжымам Лукашэнкі, уплывам Крамля, эканомікай, палітвязнямі? Цяжка спрагназаваць, але «Белсат» папрасіў трох экспертаў прынамсі паспрабаваць.
На пытанні «Белсату» адказалі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, эканаміст і старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі, а таксама беларускі псіхолаг, які пажадаў застацца ананімным.
А мо сыдзе на другі план пасля рэферэндуму або будзе скінуты рэвалюцыяй? Мо Пуцін зробіць з Беларусі неафіцыйны «суб’ект федэрацыі»?
Класкоўскі: З імавернасцю 80–90 % Лукашэнка ўтрымаецца. На другі план дэ-факта сыходзіць не стане: гэта супярэчыць ягонай натуры і меркаванням бяспекі. Пуцін будзе імкнуцца мацней прывязаць Беларусь, але да пераводу яе ў статус неафіцыйнага суб’екту федэрацыі года мала.
Львоўскі: Так, утрымаецца. Сыход на іншую пасаду выглядае даволі складанай аперацыяй, падчас якой павялічыцца нестабільнасць і з большай імавернасцю адбудзецца «дэмакратызацыя праз памылку». Баюся, што ў краіне няма чалавека, якога Аляксандр Лукашэнка мог бы прызначыць прэзідэнтам, а потым спакойна спаць начамі і не баяцца, што ягоную персону не абмяняюць на адмену санкцый і некалькі мільярдаў долараў. На мой погляд, Пуцін гэтак жа не зацікаўлены ператвараць Беларусь у «Паўночна-Заходні край», бо з аднаго боку можа і без гэтага даволі моцна прывязаць Беларусь да Расеі, а з другога – не давядзецца мець праблемнага рэгіёну, дзе, паводле апытанняў, пераважная колькасць людзей хоць і ставіцца пазітыўна да Расеі, але не жадае станавіцца яе часткай.
Псіхолаг: Што будавалася 26 гадоў, за адзін дзень не паваліцца, гэта ўсім відавочна. Што мы бачым цяпер: сістэма ў стагнацыі, будзе разбурацца з кожным днём усё больш, бо з яе сыходзяць людзі, бізнесы. Яны робяць ілюзію руху ў сістэме, перастаўляюць людзей… У жніўні 2020 года мы заклалі ў падмурак гэтай сістэмы дынаміт, на нас працуе час. Ці зойме гэта год? Мае прагнозы – максімум красавік-травень, і штосьці мусіць змяніцца.
Долар па 5 рублёў, талоны на ежу, зарплата каліем і запаснымі дэталямі трактароў?..
Класкоўскі: Да такіх жахаў не дойдзе, калі толькі не прыляціць нейкі чорны лебедзь. Але «экспартны цуд» садзьмецца, эканоміку чакае стагнацыя або нават рэцэсія.
Львоўскі: У базавым сцэнары эканоміка будзе пагаршацца, але рэзкага абвалу чакаць не варта. Я б чакаў падзення ВУП на 0,5–0,8 %. Усе фактары негатыўнай унутранай кан’юнктуры застаюцца з намі, да іх дададуцца эфекты ад санкцыяў. Адхіленні ад базавага сцэнара галоўным чынам будуць залежаць ад рашэнняў Уладзіміра Пуціна. Калі РФ не дасць нам ніякіх новых крэдытаў, то фінансавая сістэма стане ўразлівай, і магчымае развіццё рэзканегатыўных сцэнараў. Калі ж прэзідэнт РФ пагодзіцца вылучыць Беларусі больш за 2 мільярды долараў, то гэтыя грошы дадуць няўстойлівы, але ўсё ж рост ВУП.
Псіхолаг: Я думаю, будзе даволі жорсткі эканамічны крызіс. Што я назіраю цяпер: ёсць мэты зусім знішчыць эканоміку, зусім! І пакінуць пасля сябе выпаленае поле. Талоны на ежу? Так, я думаю, у агляднай будучыні гэта магчыма.
Ці вернуцца вулічныя пратэсты, ці актывуюць план «Перамога»?
Класкоўскі: Імавернасць агульнанацыянальнай забастоўкі – 10–15 %. Пратэстаў, параўнальных паводле маштабу з выступамі 2020 года, найхутчэй не будзе, як і актывацыі плану «Перамога».
Львоўскі: Масавыя забастоўкі вымагаюць высокага ўзроўню каардынацыі і згуртаванасці як працоўных, так і астатняга насельніцтва. Мне здаецца, што дзейная адміністрацыя даволі прафесійна змагла разваліць і здушыць рух працоўных, як, зрэшты, і астатнія публічныя рухі. На жаль, я нічога не магу сказаць пра план «Перамога», бо не ведаю літаральна ніякіх яго дэталяў.
Псіхолаг: Чаму не выйшлі рабочыя тады [у другой палове 2020 года]? Бо кожны з іх разумеў: для іх гэта небяспечна. Свет рабочага – ён, ягоная сям’я, ягоныя дзеці, якіх трэба карміць. На дадзены момант заводы ўсё менш здольныя іх карміць. Рабочы выйдзе толькі тады, калі не атрымае заробак: калі прыйдзе дамоў і вымушаны будзе тлумачыць жонцы, што дзяцей карміць няма чым. Людзі выйдуць на вуліцы, але толькі ў тым выпадку, калі будзе бяспечна, бо кожны разумее, што гэта самагубства. Быць героем – гэта вельмі добра, быць мёртвым героем – вельмі кепска. Прэсінг цяпер такі моцны, што ўсе баяцца за сваё жыццё – і гэта нармальна. Але назад усё не вернецца, масавых шэсцяў не будзе, бо людзі баяцца і хочуць захаваць жыццё. Гэта нармальна.
А мо напружанне будзе стварацца неяк па-новаму, праз наркотыкі і ядравыя матэрыялы? Ці ўсё супакоіцца?
Класкоўскі: Міграцыйны крызіс збольшага ўлагодзіцца. Менск, напэўна, паспрабуе стварыць Еўропе новыя галаўныя болі, але надта нарывацца не стане.
Львоўскі: Лукашэнку, здаецца, спадабалася быць у цэнтры ўвагі і «тузаць бога за бараду», так што я думаю, мы маем права чакаць новых цікавых абвастрэнняў міжнароднага супрацьстаяння. Думаю, формы гэтага абвастрэння нас усіх яшчэ змогуць здзівіць.
Псіхолаг: Наўрад ці гэта будзе нейкім узброеным дзеяннем. Але мігранты з’ехалі не ўсе, гэта бомба запаволенага дзеяння.
Напрыклад, вызваленне палітвязняў, памілаванні? Колькі палітвязняў застанецца на канец 2022 года?
Класкоўскі: Менск паспрабуе згуляць з Захадам, прапануючы залічыць новую Канстытуцыю як крок да змякчэння аўтарытарызму і распачаць гандаль палітвязнямі. Але не факт, што гэта будзе мець поспех, бо і рэжым, і Захад далёка зайшлі ў канфрантацыі. Найхутчэй, што на канец 2022 года за кратамі будзе заставацца некалькі соцень палітзняволеных.
Львоўскі: Некаторыя рознанакіраваныя спробы дээскалацыі хутчэй за ўсё будуць. Асобныя дзеячы ў шэрагах бягучай улады будуць імкнуцца згладзіць сітуацыю і выпусціць нейкую колькасць палітвязняў. З іншага боку, сілавыя ведамствы не змогуць спыніцца ў сваёй стараннасці, так што па выніках 2022 года агульная колькасць палітвязняў вырасце. Верагодна, шэрагі палітвязняў папоўніць і некаторая колькасць дзейных чыноўнікаў, якія «не дастаткова адцягваюць мысок на маршы».
Псіхолаг: Калі гэта будзе адбывацца, гэта будзе «дай за дай». Лукашэнка выстаўляе ўмовы, пры якіх атрымлівае нешта і за гэта выпускае людзей. Я не ведаю ніводнага палітвязня, які будзе пісаць прашэнне аб памілаванні, не дзеля таго яны там сядзяць. Я вельмі спадзяюся, што на канец 2022 года не застанецца палітвязняў, што людзі будуць на волі. Але разумееце, гэта як з чалавекам, які захапіў самалёт ці банк: яны закладнікі. Чалавеку, які іх захапіў, яны патрэбныя дзеля чагосьці. Каб іх вызваліў, яму павінны прапанаваць нейкія ўмовы, і ён будзе думаць, пагадзіцца ці не. Надзеі на тое, што пры ім яны выйдуць, у мяне няма.
АА belsat.eu