У гандболе таксама правал. «Мяшкоў» (Берасце) няўдала гуляе ў Лізе чэмпіёнаў


Год таму «Мяшкоў» (Берасце) быў за крок ад Фіналу чатырох Лігі чэмпіёнаў, паказаўшы найлепшы вынік у сваёй гісторыі. Цяпер БГК – найгоршы клуб турніру: учора на хатняй пляцоўцы берасцейцы саступілі ў шостым матчы запар. Так дрэнна ў гэтым турніры беларускі клуб не выступаў ніколі. Разбярэмся, чаму так адбываецца.

Гульнявыя моманты БГК.
Фота: БГК

Што адбываецца?

«Мяшкоў» (Берасце) лёгка перамог у чэмпіянаце Беларусі, які дэградуе, выгуляў усе гульні турніру, пасля чаго змяніў галоўнага трэнера. Іспанец Рауль Алёнса зразумеў, што вялікіх перспектываў у беларускім клубе няма, і адправіўся працаваць у Нямеччыну. Так зрабілі і яшчэ некалькі галоўных гульцоў: асноўныя паўсярэднія Аляксандр Шкурынскі і Марка Паніч перабраліся ў Францыю, у Харватыю з’ехаў Сандра Абранавіч, дадому вярнуўся славенец Сімон Разгор. На замену ім прыйшоў іншы іспанскі трэнер – Дані Горда. І былі купленыя тры гульцы перад пачаткам сезону: француз Батыс Бафон і чэх Станіслаў Кашпарэк, а пасля шэрагу няўдалых гульняў БГК падпісаў яшчэ і серба Стэвана Срэтэнавіча. Правальная трансферная кампанія тлумачыцца проста: у еўрапейскіх гульцоў мала жадання ехаць у краіну з дрэннаю палітычнаю рэпутацыяй.

Трэнерскі штаб БКГ. У акулярах іспанскі трэнер – Дані Горда
Фота: БГК

«Мяшкоў» (Берасце) пачаў сезон з правалу ў СЭГА-лізе, а потым пачаліся паразы ў Лізе чэмпіёнаў: у першым туры – ад нямецкага «Кілю», 30:33, потым на выедзе ад «Вардару», 27:35, у Берасці – ад вугорскага «Піку», 25:28, у Даніі – ад «Ольбару», 33:34, і ў Францыі – ад «Монпэлье», 26:32, апошняе – на хатняй пляцоўцы ад нарвежскага «Эльвэруму», 27:30. Як вынік – апошняе месца ў групе. БГК – адзіны клуб чэмпіёнскай лігі, які не мае набраных пунктаў і, здаецца, турнірных перспектываў.

Эксперт «Белсату»: Палітычная сітуацыя не можа не ўплываць на сітуацыю ў клубе

Наш эксперт, журналіст, які сочыць за берасцейскім клубам шмат сезонаў, на ўмовах ананімнасці распавёў аб прычынах няўдачаў БГК.

«У няўдалых выступах БГК у сёлетняй Лізе чэмпіёнаў можна знайсці шмат розных прычынаў. Безумоўна, адбілася змена галоўнага трэнера: усё ж, былы коўч Рауль Алёнса нават сваёй харызмай і эмоцыямі дадаваў гульцам больш упэўненасці. Па-другое, берасцейскі клуб у мінулым сезоне ўдала скарыстаўся каронавіруснымі праблемамі шмат якіх супернікаў, дый наагул – праз локдаўн гандбол у Еўропе апынуўся на паўзе. Цяпер такіх вялікіх праблемаў, звязаных з эпідэмічнаю сітуацыяй, у Лізе чэмпіёнаў няма, нацыянальныя чэмпіянаты таксама не прыпыняюцца, і ўсе моцныя клубы – у добрай форме. А паколькі БГК у новым сезоне не надта ўзмацніўся і меў кадравыя праблемы праз траўмы ды хваробы шэрагу асноўных гандбалістаў, гэта адбілася і на выніках.

Таксама можна рабіць здагадкі, што цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі таксама не найлепшым чынам уплывае на атмасферу ў клубе, хаця там старанна абыходзяць усе пытанні, звязаныя са становішчам у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але варта адзначыць хаця б такі момант: раней БГК выкарыстоўваў для выездаў чартарныя рэйсы «Белавіі» з вылетам з берасцейскага аэрапорту. Цяпер такой магчымасці з вядомых прычынаў няма, каманда мусіць адпраўляцца на гульні ў гасцях выключна з аэрапорту ў Варшаве: шлях туды і назад займае прынамсі трое содняў. Мяркую, фактар таго, што Беларусь пераўтварылася ў краіну, куды асабліва не даляціш, таксама – нават псіхалагічна – уплывае на гульцоў і трэнерскі штаб», – мяркуе наш эксперт.

Канстанцін Якаўлеў: Цяпер дакладна паказана, што яны выступаюць не для заўзятараў, не для краіны, а для сябе, найперш – для сваіх фінансавых інтарэсаў

Канстанцін Якаўлеў раней сам выступаў за БГК. Пасля таго як спартовец падтрымаў беларускі пратэст, ён быў вымушаны зʼехаць з краіны. Пры гэтым клуб імя Мяшкова, адным са спонсараў якога быў «Белгазпрамбанк» Віктара Бабарыка, ніяк не рэагуе на сітуацыю ў краіне. Спартоўцы робяць выгляд, што сітуацыя іх не датычыць.

«Са зразумелых прычынаў спорт цяпер адыходзіць на другі план. Людзі, якія гуляюць у гандбол у Беларусі і робяць выгляд, што ў нас у краіне нічога не адбываецца, для мяне крывадушныя. І ў мяне складваецца ўражанне, што іх не хвалюе будучыня нашай краіны ды лёсы людзей. Уся нашая краіна – гэта не пункты, галы і секунды, гэта найперш твая Радзіма. І цяпер дакладна паказана, што яны выступаюць не для заўзятараў, не для краіны, а для сябе, найперш – для сваіх фінансавых інтарэсаў. Я перакананы, што сітуацыя ў краіне не можа не ўплываць на беларускіх гульцоў БГК, але яны шукаюць сабе апраўданне: маўляў, вось я спартовец, у мяне Ліга чэмпіёнаў, я павінен гуляць. Але цяпер гэта ўсё ж не так. Я думаю, яны задаюць сабе пытанні, што адбываецца ў Беларусі», – адзначае ў размове з «Белсатам» Канстанцін Якаўлеў.

Канстанцін Якаўлеў.
Фота: Гандбольны клуб «Віцязь»

Знаходзіць былы галоўны трэнер гандбольнага клубу «Віцязь» і прычыны гульнявых няўдачаў.

«Што датычыць гульні, то, зразумела, праведзеная правальная селекцыйная праца. Калі ў мінулым сезоне каманда была блізкая да трапляння ў топ-4, то цяпер займае апошняе месца, пры гэтым застаўся касцяк каманды, фінансаванне засталося на ранейшым узроўні. Думаю, у былога трэнера каманды Рауля Алёнса было ўсё выбудавана. Горда, магчыма, усё зламаў і спрабуе пабудаваць новую каманду», – разважае Якаўлеў.

Іван Сапега: Гульцоў пужае нестабільная палітычная сітуацыя і дзіўнае стаўленне да каронавіруса

Прычыну няўдачаў БГК знайшоў журналіст гандбольнага выдання «Быстрый центр» Іван Сапега.

«Па-першае, у гэтым сезоне нямала сродкаў ідзе на лагістыку. Па-другое, не да канца ясна, як сябе адчувае тытульны спонсар – «Белгазпрамбанк». Год таму амаль усё яго кіраўніцтва апынулася за кратамі. Дарэчы, палітыка – чарговы пункт, праз што ў Берасце стала значна складаней прывабіць гульцоў топ-узроўню. І, нарэшце, яшчэ адна прычына – стаўленне ў Беларусі да каронавіруса. Калі гулец цэніць здароўе, ён нізавошта не паедзе ў краіну, дзе ковідная статыстыка малюецца пад лінейку, а на піку чарговай хвалі ўлады адмяняюць масачны рэжым», – напісаў журналіст.

Гульнявыя моманты БГК.
Фота: БГК

А што там у свабодных спартоўцаў?

Два беларускія гандбалісты – Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш – падпісалі ліст супраць гвалту і падтрымалі беларускі народ. Сёння яны выступаюць за польскі клуб «Кельцэ». У апошнім туры польская каманда з беларусамі ў складзе перамагла самы багаты клуб турніру – французскі ПСЖ. На сёння «Кельцэ» – найлепшы клуб Лігі чэмпіёнаў. А Каралёк і Кулеш паказваюць, што выбар ёсць заўжды.

Hавiны
Беларусь страціла яшчэ адну таленавітую спартоўку
2021.09.30 19:22

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў